Ініцыятыўную групу Івана Крука ўсё ж зарэгістравалі
Гарадзенская абласная выбарчая камісія адмяніла рашэнне Астравецкай раённай выбарчай камісіі пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Івана Крука.
Разгледзеўшы скаргу Івана Крука, а таксама матэрыялы, што паступілі з Астравецкай раённай выбарчай камісіі, Гарадзенская абласная камісія вырашыла, што адмова раённага выбаркаму з’яўляецца неабгрунтаванай.
Як паведамлялі раней “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, прычынай для адмовы ў рэгістрацыі раённая камісія назвала “парушэнне прынцыпа свабоднага ўдзелу ў выбарах”, што выявілася ва ўключэнні ў склад ініцыятыўнай групы некалькіх чалавек “без іх згоды”. Нагадаем, што рашэнне пра выхад з групы гэтыя людзі прынялі пад ціскам сябраў Астравецкага выбаркаму.
Гарадзенская абласная выбарчая камісія ў сваім рашэнні адзначае, што прэтэнзіі раённай камісіі “не могуць разглядацца як парушэнне патрабаванняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пра ўтварэнне ініцыятыўнай групы і не могуць паслужыць падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы”.
У адпаведнасці з дадзеным рашэннем, ініцыятыўная група па вылучэнні Івана Крука кандыдатам па Школьнай выбарчай акрузе №2 была зарэгістраваная.
- Пасля таго, як Гарадзенская абласная камісія вынесла сваё рашэнне, адносіны да мяне заўважна змяніліся, - распавядае Іван Крук. – Спыніўся ціск на сябраў маёй ініцыятыўнай групы. За тры дні нам ўдалося сабраць 230 подпісаў. Выбаршчыкі ставіліся да нас вельмі прыязна, многія з іх ведалі пра перашкоды ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Як адзначыў сп. Крук, сярод тых, хто адмаўляўся ставіць подпісы, у асноўным былі памежнікі, супрацоўнікі міліцыі і мытні, якія зазначалі, што “мы па-за палітыкай”.
І.Крук выказвае сваю ўпэўненасць у тым, што на далейшых этапах выбарчай кампаніі не абыйдзецца без перашкодаў з боку мясцовых уладаў. Пра гэта, паводле яго словаў, ужо зараз сведчыць той факт, што яму ў апаненты ўлады выставілі на акрузе ажно двух сваіх кандыдатаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”