viasna on patreon

Выбарчая камісія вынесла Юрасю Карэтнікаву два папярэджанні

2010 2010-03-03T15:43:58+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karetnikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбарчая камісія Маскоўскага раёна Менска 2 сакавіка вынесла два папярэджанні незалежнаму прэтэндэнту ў кандыдаты ў дэпутаты Юрасю Карэтнікаву - за несвоечасовую агітацыю выбаршчыкаў і скарыстанне ўласных сродкаў на друк агітацыйных матэрыялаў.

Яшчэ тыдзень таму назад лідэру “Правага альянса” Ю. Карэтнікаву, які балатуецца па Праўдзінскай выбарчай акрузе № 27 Менска, патэлефанаваў старшыня Маскоўскай раённай выбарчай камісіі Уладзімір Надольскі і сказаў, што ў адрас Цэнтральнай выбарчай камісіі на імя яе старшыні, Лідзіі Ярмошынай, прыйшоў ліст ад жыхароў, якія скардзяцца на правядзенне датэрміновай агітацыі за кандыдата Карэтнікава.

Выбарчая камісія Маскоўскага раёна атрымала рашэнне з ЦВК за подпісам яе старшыні з просьбай разабрацца па факту скаргі і парушэнняў. Само ж паседжанне камісіі па разглядзе гэтай справы прайшло толькі 2 сакавіка. Прычым, Ю. Карэтнікаву паказалі толькі рашэнне ЦВК, а ліста са скаргай ад жыхароў ён так і не пабачыў. Лідэр “Правага альянса” лічыць, што тыднёвы тэрмін паміж атрыманнем скаргі і паседжаннем камісіі абумоўлены тым, што ўлады гэты час вырашалі, што з ім рабіць.

– Адносна агітацыйных матэрыялаў магу сказаць, што мы распаўсюджвалі па ўсім Маскоўскім раёне ўлётку, у якой былі выкладзены мае меркаванні пра гэтыя выбары, пра непадлік галасоў і іншыя праблемы, – расказаў незалежны кандыдат. – Але гэта было яшчэ за тыдзень да моманту рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы і не пярэчыць закону.

Ю. Карэтнікаў патлумачыў свае дзеянні, распавёўшы гісторыю, што здарылася падчас мінулых выбараў у мясцовыя Саветы, калі ён таксама балатаваўся па гэтай жа акрузе.

– Тры гады таму падчас падрыхтоўкі да выбараў я ўбачыў, што працаўнікі ЖЭСу распаўсюджвалі па паштовых скрынях  газету адміністрацыі Маскоўскага раёна “Веснік Маскоўскага раёна”, дзе на першай паласе была інфармацыя пра кандыдатаў ад улады, – узгадвае Карэтнікаў. – Калі я падаў скаргу на неправамернасць такіх дзеянняў, то атрымаў пісьмовы адказ, што да рэгістрацыі ініцыятыўных груп такое распаўсюджванне інфармацыі дазволена законам. Таму на гэтых выбарах я вырашыў таксама скарыстацца такой магчымасцю.

Сябра “Правага альянса” прынёс той дакумент на паседжанне камісіі, але пачуў, што справа гэтая была даўно, а яго дзеянні ўсё роўна неправільныя. У выніку Ю. Карэтнікаў атрымаў два папярэджанні: за датэрміновую агітацыю і за скарыстанне ўласных сродкаў на друк агітматэрыялаў, наклад якіх, да таго ж, быў надрукаваны па-за межамі Беларусі.

– Думаю, што ўся гэтая справа ў адносінах да мяне распачалася таму, што мая ініцыятыўная група займаецца актыўнай працай з выбаршчыкамі, – заўважыў прэтэндэнт. – Мы ўжо правялі прыкладна пяць сацыяльных кампаній па пытаннях аўтамабільных парковак, якасці пітной вады і іншых праблем жыхароў. Да таго ж, мы скарысталіся “ліберальнымі” новаўвядзеннямі ў Выбарчы кодэкс, што былі прыняты ў гэтым годзе – арганізоўвалі ў дазволеных месцах пікеты і ставілі прыкметныя шчыты, што прыцягвалі ўвагу выбаршчыкаў. Відаць, улада таксама заўважыла, што мы працуем шмат, добра і актыўна, і вырашыла збіць з мяне “спесь”.

Незалежны вылучэнец адзначае, што зараз ён знаходзіцца ў падвешаным стане, да чаго, мабыць, і імкнуліся ўлады. Калі сябра “Правага альянса” атрымае хаця б яшчэ адну скаргу ў свой бок, яго кандыдатуру проста здымуць з выбарчай гонкі.

– Я не баюся сыйсці з дыстанцыі на гэтых выбарах на любым этапе падрыхтоўкі да іх, – сказаў Юры Карэтнікаў. – Зараз я працягваю збор подпісаў і працу з выбаршчыкамі. Я ведаю, што раблю канкрэтную справу, і буду працягваць займацца ёй, нават калі і не стану дэпутатам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства