Берасце: шэсць шматпавярховак “згубіліся” пры вызначэнні межаў выбарчых акругаў
Берасцейскі праваабаронца Сяргей Вакуленка звярнуў увагу чыноўнікаў на тое, што ў рашэнні гарвыканкама ад 28.01.2010 года аб вызначэнні межаў гарадскіх выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў у Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў 26-га склікання, надрукаваным у газеце “Вячэрні Брэст” (№ 9), на акрузе №14 не былі ўказаныя шэсць шматпавярховых дамоў – №№ 56, 57, 61, 62, 63 па вул. Міцкевіча і дом № 52/1 па вул. Кірава.
Колькасць няўлічаных пры гэтай памылцы жыхароў магла скласці да 20% ад колькасці ўсіх выбаршчыкаў на акрузе №14, якіх зараз - без уліку “згубленых” дамоў – 5 037 чалавек.
Сяргей Вакуленка звярнуўся за тлумачэннямі ў гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію. Намеснік начальніка арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама Ніна Матысік патлумачыла сітуацыю тым, што ў камісіі новыя людзі, таму ўзнікаюць праблемы, якія будуць вырашацца.
Праз некаторы час “згубленыя” жылыя дамы былі ўлічаны пры вызначэнні тэрыторыі ўчасткаў для галасавання рашэннем Берасцейскай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. У публікацыі рашэння ў газеце “Вячэрні Брэст” ад 03.02.2010 дамы №№ 56, 57, 61, 62, 63 па вул. Міцкевіча ўвайшлі ў межы участка для галасавання № 55, а дом № 52/1 па вул. Кірава аднесены да участка для галасавання № 54.
Пасля выпраўлення гарвыканкамам гэтай памылкі, колькасць выбаршчыкаў на выбарчай акрузе №14 павінна значана павялічыцца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”