КДБ дапытала актывістку МФ
3 сакавіка маладафронтаўку Касю Далідовіч у дэканаце дапытваў супрацоўнік КДБ. Чэкіст спрабаваў выпытваць інфармацыю адносна акцыі ў Дзень Сьвятога Валянціна й падрыхтоўцы да яе.
Навучэнку Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэта культуры й Мастацтваў Касю Далідовіч на размову выклікала намесьніца дэкана Бамбежка Іванна Іванаўна, прычыну не паведаміла. У кабінэце знаходзіўся незнаёмы чалавек, які доўга не хацеў прадстаўляцца, аднак пасьля настойлівых просьбаў назваўся Дзьмітрыем Сяргеевічам з УКДБ Кастрычніцкага раёну г. Менска, але прозьвішча не назваў, пасьведчаньне не паказаываў. Супрацоўнікі дэканата факультэта інфармацыйна-дакумантных камунікацыяў падчас гутаркі не прысутнічалі. Кэдэбіст меў раздрукаваныя здымкі з акцыі 14 лютага на плошчы Свабоды з сайту www.mfront.net – дзе Кася Далідовіч была ў вобразе сьвяточнага анёла.
Супрацоўнік КДБ цікавіўся акцыяй у Дзень Сьвятога Валянціна, дапытваў пра падрыхтоўку да яе, кантакты паплечнікаў, вёў “прафіляктычную гутарку”, даводзіў і патрабаваў ад дзяўчыны прызнаньня, што гэта была палітычная акцыя, у якой дзяўчына сьвядома ўдзельнічала.
Кася патлумачыла, што прыйшла на непалітычнае мерапрыемства, каб віншаваць людзей са сьвятам любові.