Партыя БНФ: Вылучэнне ва ўчастковыя камісіі Чавусава і Лабковіча – тэст для ўладаў
Ад Партыі БНФ у склад участковых выбарчых камісій Мінска вылучаны 68 чалавек, у тым ліку палітолаг Юры Чавусаў і юрыст Уладзімір Лабковіч, якія ўжо двойчы атрымалі адмовы на ўваход у склад Мінскай гарадской і раённых выбарчых камісій сталіцы.
Партыйцы вылучаны ва ўчастковыя камісіі перш за ўсё па тых акругах, дзе вылучаюцца прадстаўнікі БНФ, інакш прэтэндэнтаў ва ўчастковыя камісіі было б яшчэ больш, зазначаюць у партыі, падкрэсліваючы, што выбарчы працэс у Беларусі праходзіць максімальна закрыта.
– Практыка правядзення выбараў паказвае, што атрымаць адпаведную інфармацыю з участковых камісій практычна нерэальна, – зазначыў Вадзім Канапацкі, намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі БНФ. –Асабліва трэба адзначыць склаўшуюся практыку працэса падліку галасоў, які праходзіць вельмі закрыта. Такі падыход натуральна недапушчальны, і такія выбары нельга назваць “галоснымі і адкрытымі”.
Намеснік старшыні падкрэсліў, што кардынальным сродкам змены гэтага становішча можа быць толькі ўключэнне ў склад участкоых камісій прадстаўнікоў усіх зацікаўленых бакоў, якія, назіраючы адзін за адным, не дапусцяць парушэнняў выбарчага працэсу. Тады будзе вытрыманы галоўны прынцып выбараў – адкрытасць і празрыстасць, што павысіць ступень даверу да вынікаў выбараў.
-- Папярэднія этапы сёлетніх выбараў ужо паказалі, што ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіі носіць адзінкавы характар, – дадаў Вадзім Канапацкі. – Таму мы думаем, што і зараз у камісіі ўвойдзе не шмат дэмакратычных кандыдатаў. Што тычыцца чарговага вылучэння ў склад выбарчых камісій Юры Чавусава і Уладзіміра Лабковіча, то гэта хутчэй тэст для ўладаў – ці адмовяць яны і ў трэці раз двум адмыслоўцам у галіне выбарчага заканадаўства, каб падкрэсліць сваю няздольнасць удзельнічаць у канкурэнтнай барацьбе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”