Справай бабруйчанкі Вольгі Сьянавай займецца Цэнтральная пракуратура Менску
Актывістку партыі БХД Вольгу Сьянаву, якая уваходзіць у ініцыятыўную групу сваёй маці Аляксандры Сьянавай, 9 сакавіка выклікалі ў сталічнае КДБ. Там у дзяўчыны цікавіліся, адкуль з’явілася інфармацыя пра яе на сайце “Партызан”.
- Гэтым разам цікавіліся толькі пра сайт, пра БХД размовы не было, - распавядае Вольга. – Пыталі, чаму з’явілася інфармацыя на “Партызане”, з кім я размаўляла. Але я ім сказала, што распавядала пра ціск з боку КДБ усім, каму толькі можна. Яны сказалі, што ўся інфармацыя, якая трапляе ў СМІ і звязаная са мной – гэта паклёп.
Таксама актывістка БХД распавяла, што заведзеную на яе крымінальную справу будзе разглядаць Цэнтральная пракуратура Менску.
- Больш канкрэтна пра акалічнасці я буду ведаць 15 сакавіка, - дадае Вольга Сьянава, - але гэтая крымінальная справа мяне вельмі напужала. Мяне абвінавачваюць у тым, што я незаконна завалодала вялікай сумай грошай. У іх ёсць нейкія сведкі, дакументы. Калі я ўбачыла матэрыялы справы, вельмі здзівілася і напужалася.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”