«Калінкавіцкія навіны» датэрмінова разгарнулі перадвыбарчую агітацыю
Нягледзячы на тое, што агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты, у адпаведнасці з зацверджаным Цэнтральнай камісіяй Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў, пачынаецца толькі 16 сакавіка, раённая газета «Калінкавіцкія навіны» ўжо распачала «піяр» праўладных кандыдатаў у дэпутаты.
9 сакавіка на сайце газеты размешчаны матэрыялы, якія інакш як агітацыяй назваць нельга. Напрыклад, у артыкуле «Сын Рудабельскай зямлі» рэдакцыя знаёміць чытачоў з начальнікам Гомельскага абласнога упраўлення філіялу ААТ «Белаграпрамбанк» Дзмітрыем Высоцкім. Яго працоўны калектыў КСУП імя Кутузава (Калінкавіцкі раён) вылучыў кандыдатам у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета па Азарыцкай выбарчай акрузе №37. Дарэчы, Высоцкі з'яўляецца дэпутатам аблсавета 25-га склікання, толькі ў 2007 годзе ён балатаваўся па Кастрычніцкай выбарчай акрузе №46. А наогул пры ўмове абрання яго дэпутатам, распачнецца ўжо трэці яго дэпутацкі тэрмін у абласным Савеце. Газета расказвае пра жыццё Высоцкага, пачынаючы ад нараджэння і далей пра вучобу, службу ў войску, партыйную працу за савецкім часам, не без характэрнага пафасу. “У Дзмітрыя Пятровіча і раней ўсе выдатна атрымлівалася, на якой бы пасадзе ён ні служыў сваёй дзяржаве і народу, але ў банкаўскай сферы талент яго проста расквітнеў», - канстатуе раёнка.Пад кіраўніцтвам Высоцкага «упраўленне дасягнула і захоўвае стабільнае становішча па ўсіх асноўных паказчыках банкаўскай дзейнасці» і «пры падтрымцы банка ў вобласці з'явіліся новыя фермы, будуюцца і рэканструюцца заводы і фабрыкі, растуць аграгарадкі», - сведчыць аўтар артыкулу, рэдактар газеты Іван Гарыст, які сам з'яўляецца дэпутатам абласнога Савета 25-га склікання.
У гэтым жа нумары газета «прапіярыла» і кандыдата ў дэпутаты райсавета, дырэктара Калінкавіцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяну Даманчук, якая з'яўляецца дэпутатам райсавета 25-га склікання. У артыкуле «Сям'я - крыніца натхнення» падаюцца яе біяграфічныя звесткі (праўда, не ўпамінаецца, што яна вылучаецца ў кандыдаты, але гэта вынікае з інфармацыі ў газеце пра вылучэннне ад працоўных калектываў), а далей - традыцыйныя дыфірамбы.
Распавялі «Калінкавіцкія навіны» чытачам пра начальніка падатковай інспекцыі Інну Туроўчык, якая таксама прэтэндуе на дэпутатства ў раенным Савеце. У інтэрв'ю з ёй аўтар таксама не пашкадаваў красамоўства, каб выгадна прэзентаваць «народную абранніцу».
Узгадала выданне і пра начальніка фінансавага аддзелу райвыканкама, дэпутата райсавета 25-га склікання Святлану Кавалевіч, якая таксама вылучаецца кандыдатам.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”