Салігорск: Івана Шылу затрымалі, каб не патрапіў на паседжанне па фармаванні камісій
У Салігорску міліцыя затрымала кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксея Валабуева Івана Шылу проста ў будынку выканкама. Моладзевы актывіст хацеў прысутнічаць на паседжанні, дзе фармаваўся склад выбарчых участковых камісій, куды разам з трыма іншымі актывістамі ён вылучаўся ад групаў выбаршчыкаў.
Чатыры прэтэндэнты былі вылучаны шляхам збору подпісаў у склад выбарчых участковых камісіі на акрузе, дзе Валабуеў мае намер балятавацца ў выпадку рэгістрацыі яго кандыдатам. Актывісты падалі пісьмовыя запыты з просьбай паведаміць дату і час паседжання, аднак ніякага адказу не атрымалі.
Сёння Іван Шыла спрабаваў атрымаць неабходную інфармацыю ў выканкаме. Намеснік старшыні выканкама Анатоль Казакевіч праігнараваў запыт. У прыёмнай старшыні выканкама паведамілі, што паседжанне ўжо пачынаецца. І. Шыла накіраваўся ў названы кабінет, аднак кіраўнік выканкама Аляксандр Рымашэўскі забараніў прысутнічаць, патлумачыўшы, што дадзенае мерапрыемства з выбарамі не звязана.
На выхадзе І.Шылу ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Разам з імі ён пасьпеў зноў схадзіць у прыёмную, дзе пацвердзілі – паседжаньне ўсё-ткі вызначае склад участковых камісіяў. Але накіравацца туды зноў не атрымалася. Міліцыянты затрымалі маладзёна “для высьвятлення асобы”. У пастарунку патлумачылі, што затрыманне звязана з вывешанай у Салігорску расцяжкай і спрабавалі ўзяць тлумачэнні.
Як толькі паседжанне ў выканкаме скончылася, Івана Шылу адпусцілі. Цяпер даведацца пра вынікі фармавання камісій можна будзе цягам трох дзён.
Сябры штаба А.Валабуева лічаць затрыманне паказальным і не маюць ілюзіяў адносна складу ўчастковых камісій.
“Відавочна, прадстаўнікі наменклатуры не прызвычаіліся да таго, што паседжанні могуць быць адкрытымі. Тым больш, тут бы даводзілася адмаўляць адразу чатыром прэтэндэнтам. І калі робіш нешта няправільна, імкнешся пазбегнуць публічнасці. Таму быў выкарыстаны такі сродак,” – кажа Іван Шыла.
Варта адзначыць і тое, што супрацоўнікі міліцыі ў курсе ўсіх дзеянняў ініцыятыўнай групы Аляксея Валабуева. У прыватнай гутарцы яны паведамілі, што неабходную інфармацыю атрымліваць з выканаўчага камітэту.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”