viasna on patreon

Прадстаўнікі палітычных партый складаюць менш як 3 працэнты прэтэндэнтаў на работу ва ўчастковых выбаркамах

2010 2010-03-10T14:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У склад участковых выбарчых камісій па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў вылучаны больш за 77 тыс. чалавек, з якіх прадстаўнікі палітычных партый складаюць менш як 3 працэнты. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
Паводле яго даных, усяго ў склад участковых выбаркамаў вылучаны 77 241 чалавек. У тым ліку ад грамадзян шляхам падачы заяў - 31 015 чалавек (ці больш як 40 працэнтаў), ад працоўных калектываў - 17 385 (або 22,5 працэнта), палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў - 28 841 (або 37,3 працэнта). У прыватнасці, палітычныя партыі вылучылі 2 212 чалавек, або 2,9 працэнта агульнай колькасці прэтэндэнтаў на ўключэнне ў склад участковых выбаркамаў.
Найбольшую актыўнасць праявіла Камуністычная партыя Беларусі (вылучыла 516 прадстаўнікоў). На ўключэнне ў склад участковых выбаркамаў таксама прэтэндуюць 434 прадстаўнікі Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі, 358 - Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 281 - Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 160 - Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", 132 - Беларускай аграрнай партыі, 122 - партыі БНФ , 95 - Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 73 - Рэспубліканскай партыі, 24 - Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), 9 - партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", 8 - Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
Найбольшую актыўнасць па вылучэнню прадстаўнікоў палітычныя партыі праявілі ў буйных гарадах. Напрыклад, у Мінску каля палавіны (49,3 працэнта) прэтэндэнтаў на ўключэнне ў склад участковых выбаркамаў - гэта прадстаўнікі партый (12,5 працэнта) і грамадскіх аб'яднанняў (36,8 працэнта).
Ад грамадскіх аб'яднанняў паступіла 26 629 заявак на ўключэнне ў склад акруговых выбарчых камісій, або 34,5 працэнта. У прыватнасці 3440 - ад "Белай Русі", 4101 - ад БРСМ, 3787 - ад Беларускага саюза жанчын, 2247 - ад Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, 9370 - ад ФПБ і 3684 - ад іншых арганізацый.
Мясцовым органам улады да 10 сакавіка трэба сфарміраваць па ўсёй Беларусі 6 387 участковых выбарчых камісій, у тым ліку 279 - у лячэбных установах і 48 - у воінскіх часцях. Пасля зацвярджэння складу камісій яны пачнуць выкананне сваіх абавязкаў: атрымаюць спісы выбаршчыкаў і пачнуць іх звяраць, будуць займацца абсталяваннем выбарчых участкаў, падрыхтоўкай да галасавання, правядзеннем самога галасавання (датэрміновага, у дзень выбараў і дома), падводзіць вынікі галасавання па выбарчаму ўчастку.
Паралельна да 15 сакавіка працягваецца прыём дакументаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства