У дзяржгазетах Віцебшчыны - перадвыбарчы штыль
Калі прагартаць раённыя і гарадскія газеты, якія выдаюцца ў Віцебскай вобласці, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца дзяржаўныя органы, то можна зрабіць адназначную выснову: выбары ў мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады не значацца ў навінавым авангардзе. Рэдактары раённых дзяржаўных газет надаюць мінімум увагі выбарам у мясцовыя Саветы дэпутатаў, адсутнічаюць інфармацыйныя плакаты і рубрыкі, прысвечаныя надыходзячай выбарчай кампаніі.
Праўда, ёсць нешматлікія рэдакцыі, якія можна паставіць у прыклад астатнім у асвятленні важнай палітычнай падзеі. Гэта газеты “Полацкі веснік”, “Аршанская газета” і “Витьбичи”. Дадзеныя перыядычныя выданні практычна ў кожным нумары на першай старонцы з яркімі графічнымі загалоўкамі-плакатамі паведамляюць навіны аб выбарах.
Лепшым узорам прапаганды і ідэалагічнага майстэрства на Віцебшчыне, несумнеўна, з’яўляецца ведамасная газета “Веснік Нафтана”, якая выдаецца і распаўсюджваецца на ААТ “Нафтан” у г. Наваполацк. У кожным нумары гэтай малатыражнай газеты пад маляўнічым плакатам паведамляюцца работнікам прадпрыемства навіны выбарчай кампаніі. Рэдакцыя ўмела спалучае элементы прапаганды і ўтоенай агітацыі. Так, у №8 ад 20 лютага 2010 года газета паведамляе аб вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты “…у гарадскі Савет дэпутатаў ад нашага прадпрыемства вылучаныя выконваючы абавязкі дырэктара заводу “Палімір” О. У. Жэбін і намеснік генеральнага дырэктара (па вытворчасці) ААТ “Нафтан” З. Ф. Алтухоў, у Віцебскі абласны Савет - начальнік упраўлення эканомікі і фінансаў У. У. Лапін. Зараз на прадпрыемстве ідзе працэс фармавання дзевяці завадскіх участковых выбарчых камісій. Пад кіраўніцтвам намесніка генеральнага дырэктара ААТ “Нафтан” Н. А. Калбасенкі разгледжаныя на чарговай нарадзе пытанні прымянення на практыцы абноўленых артыкулаў выбарчага заканадаўства”. Трэба дадаць, што ўся інфармацыя суправаджаецца яркімі каляровымі фотаздымкамі і газета надрукаваная на высакаякаснай глянцаванай паперы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”