viasna on patreon

Новаўвядзенні ў закон, якімі немагчыма скарыстацца

2010 2010-03-12T08:15:14+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” на працягу апошніх дзён збіралі і распаўсюджвалі інфармацыю пра фармаванне ўчастковых камісій па краіне. Адной з тэндэнцыяў працэсу стварэння камісій дадзенага ўзроўню з’яўлялася закрытасць ад зацікаўленых суб’ектаў не толькі саміх паседжанняў, дзе прымаліся адпаведныя рашэнні, але і персанальнага складу сяброў камісій. У многіх рэгіёнах адпаведныя выканаўчыя камітэты рознымі спосабамі пазбягалі прысутнасці на паседжаннях па ўтварэнні камісій прадстаўнікоў суб’ектаў, якія вылучылі сваіх прэтэндэнтаў у камісіі (чаго варта адно толькі затрыманне ў Салігорску грамадскага актывіта Івана Шылы на подступах да гэтага “сакрэтнага” мерапрыемства). У іншых рэгіёнах на паседжанні выканкамаў прадстаўнікі грамадскасці патрапіць змаглі, але інфармацыю адносна таго, ці ўключаны іх вылучэнцы ў камісіі ад іх “засакрэцілі”: маўляў, з’явяцца спісы ў друку – вось і даведаецеся. Іншымі словамі: чытайце газеты.

У папярэднія выбарчыя кампаніі пайшлі б гэтыя “цікаўныя” і чакалі каля кіёскаў з’яўлення дзяржгазет са спісамі камісій, але зараз “ліберальныя” новаўвядзенні ў Выбарчы кодэкс (арт. 34) прадставілі ім магчымасць абскардзіць рашэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі. Пры гэтым – у трохдзённы тэрмін. Але як абскардзіць у вызначаны тэрмін, калі газеты павінны апублікаваць рашэнні выканкамаў і спісы зацверджаных сябраў камісій (толькі тады зацікаўленыя суб’екты змогуць даведацца, хто з іх вылучэнцаў патрапіў ці не партрапіў у камісіі) на працягу сямі дзён? 

Паразважаўшы над гэтым казусам, гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч вырашыў звярнуцца ў Цэнтральную выбарчую камісію за тлумачэннямі. Ён напісаў: “10 сакавіка 2010 г. адбыліся паседжанні адміністрацыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў г. Гродна, на якіх былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. У працэсе разгляду пытання інфармацыя пра ўключэнне ці неўключэнне ў склады участковых камісій вылучаных прадстаўнікоў партый, прадстаўнікоў грамадскасці агучана не была. Больш таго, гэтая інфармацыя не была прадстаўлена для азнаямлення пасля паседжанняў вышэйзгаданых адміністрацый.

Прашу паясніць, якім чынам прадстаўнікі партый альбо грамадскасці могуць рэалізаваць сваё права на зварот у суд у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь на працягу 3 дзён, з моманту прыняцця рашэння аб неўключэнні сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій, калі склады камісій будуць апублікаваны ў перыядычным друку не пазней чым праз 7 дзён”.

Чакаем тлумачэнняў Цэнтральнай камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства