Лябедзька: З'езд усё роўна адбудзецца
Аб'яднаная Грамадзянская Партыя збіраецца правесці чарговы XIII З’езд у адным з памяшканняў Мінска. Аднак усе ўстановы, куды звярталіся аткывісты АГП, адмаўляюць ім у арэндзе памяшкання.
Пасля таго як мінскі гатэль “Crowne Plaza” нечакана адмовіў АГП у арэндзе памяшкання, партыя звярнулася ў сталічны гарвыканкам.
Як распавёў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, у гарвыканкаме паведамілі, што няма пярэчанняў супраць правядзення форуму ў Палацы культуры МТЗ. Але, аказалася, што і гэтая зала занятая 21 сакавіка.
Анатоль Лябедзька лічыць, што З’езд усё роўна адбудзецца.
- З’езд можа адбыцца. Але мы б не хацелі ператвараць гэтае мерапрыемства ў фармальную акцыю, стоячы ў нейкім кутку маленькага памяшкання, разам за нешта прагаласавалі. Хочам, каб гэта быў паўнавартасны партыйны форум з нармалёвай дыскусіяй у добрай абстаноўцы. Так што пакуль мы маем надзею, што ўсё ж улады не пойдуць на тое, каб канчаткова сарваць З’езд, - адзначыў лідэр АГП.
Паводле словаў Лябедзькі, нават за тры дні, калі ўлады дадуць дазвол на правядзенне З'езду, "мы здольныя арганізаваць прыезд дэлегатаў, а ўсё астатняе ў нас падрыхтавана".