У лідэра «Моладзі БНФ» канфіскавалі бел-чырвона-белую сімволіку
Нацыянальныя сцягі ў Андруся Крэчкі былі канфіскаваныя супрацоўнікамі міліцыі без складання пратаколу.
Напярэдадні акцыі з нагоды Дня Волі ў кіраўніка «Моладзі БНФ» Андруся Крэчкі канфіскавана 20 бел-чырвона-белых сцягоў памерам два на адзін метр і 500 папяровых сцяжкоў з сімволікай гэтай структуры і гербам «Пагоня».
Крэчка паведаміў БелаПАН, што інцыдэнт адбыўся 24 сакавіка на сталічнай вуліцы Карбышава. Аўтамабіль, у якім знаёмы перадаваў яму сцягі, адкрылі два супрацоўнікі міліцыі — у форме і цывільным.
«Яны заявілі, што я прадаю свайму суразмоўцу мабільны тэлефон, хаця насамрэч гэта была ўсяго толькі зачэпка. Сцягі канфіскавалі без складання пратаколу. Мне прапанавалі раніцай з'явіцца ў Цэнтральны РУУС», — сказаў актывіст.
Прыкладна ў гэты ж час у кватэру, дзе пражывае Крэчка, прыйшлі супрацоўнікі спецслужбаў з позвай у суд на 9 гадзінаў раніцы 25 сакавіка. Кіраўнік «Моладзі БНФ» звязвае гэта з акцыяй салідарнасці, якая прайшла 16 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менска.
«Калі казаць у цэлым, дык гэта спроба сапсаваць свята — Дзень Волі», — сказаў Крэчка.