Мастоўшчына: У патэнцыйнага кандыдата ўзніклі дзіўныя праблемы
У патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты мясцовых Саветаў Лявона Карповіча з Мастоўскага раёну ўзніклі дзіўныя праблемы. З акруговай выбарчай камісіі яму паведамілі, што ён нібыта недакладна запоўніў дэкларацыю пра даходы. Маўляў, Л.Карповіч не ўказаў сярод сваёй маёмасці аўтамабіль “Запарожац”. Між тым ён прадаў у законным парадку гэтую машыну 1969-га году вытворчасці яшчэ ў далёкім 1972-ім годзе.
Грамадска-палітычны актывіст неадкладна ўзяўся высвятляць сітуацыю і накіраваў у акруговую камісію ажно два лісты з тлумачэннем сапраўднай сітуацыі.
Нагадаем, што Лявон Карповіч падаў дакументы на рэгістрацыю ў Луненскі сельскі Савет і Мастоўскі раённы Савет, куды вылучаўся шляхам збору подпісаў, а ў Гарадзенскі абласны Савет па Дубненскай выбарчай акрузе кандыдатам яго вылучыла Партыя БСДГ.
Ці зарэгістравалі грамадоўца кандыдатам, стане вядома сёння каля 18.00. У гэты час у Мастах адбудзецца адпаведнае паседжанне акруговай камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”