viasna on patreon

Суд Менску адхіліў скаргу царквы "Новае жыцьцё"

2010 2010-03-26T09:16:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/logo_nj2.jpg

26 сакавіка Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу царквы "Новае жыцьцё" на пастанову суду Маскоўскага раёну, які аштрафаваў абшчыну на 8 млн. 750 тыс. рублёў за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя.

Пра гэта паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін.

Паводле яго слоў, прызнаньне судом віны вернікаў цягне за сабой неабходнасьць не толькі выплаты штрафу, але і пакрыцьця ўрону прыродзе ў памеры амаль 263 млн. рублёў, прызначанага камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Менгарвыканкама. Такім чынам, агульная сума грашовых санкцый супраць абшчыны складае каля 100 тыс. даляраў ЗША, сказаў юрыст.

Сярод падстаў, па якіх царква абскардзіла рашэньне суда, Луканін назваў незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў экалягічнага ведамства Менгарвыканкама і судзьдзі, якія не высьветлілі ступень віны вернікаў у забруджваньні навакольнага асяродзьдзя.

Юрыст адзначыў, што на працягу года абшчына можа абскардзіць рашэньне суда Маскоўскага раёна і пастанаўленьне Менскага гарадзкога суду старшыні Вярхоўнага суду.

26 лютага судзьдзя Алена Шылько аштрафавала абшчыну на 8 млн. 750 тыс. рублёў, а ў сьнежні 2009 года экалягічнае ведамства Менгарвыканкама запатрабавала ад царквы на працягу двух месяцаў пакрыць урон прыродзе на суму каля 263 млн. рублёў.

Супрацоўнікі камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Менгарвыканкама выявілі сьляды нафтапрадуктаў у пробах на праезнай частцы дарогі каля будынка царквы і інтэрпрэтавалі гэта як забруджваньне навакольнага асяродзьдзя. Як сьцьвярджае Луканін, пры адборы проб грунту не прысутнічалі панятыя і прадстаўнікі абшчыны. Тэрыторыя вакол царквы раней выкарыстоўвалася калгасам імя Калініна для сельгасвытворчасьці, а затым на ёй разьмяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адходаў з касьцякамі і рухавікамі аўтамабіляў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства