Фотавыстава Аляксандра Ждановіча прызнаная крамольнай
Выстава канцэртных фатаграфій Аляксандра Ждановіча (Tarantino) «Адваротны бок зорак», якая адкрылася 10 сакавіка ў фае кінатэатра «Перамога», была датэрмінова згорнутая і змушаная перабрацца ў інтэрнэт.
Па інфармацыі арганізатараў, кіраўніцтву УП «Кінавідэапракат» было дастаткова неабгрунтаванага слыху аб «апазіцыйных настрояў на адкрыцці выставы», каб вакол бяскрыўдных фатаграфій беларускіх музыкаў разгарэўся скандал.
У яго аказаліся ўцягнутыя дырэктар кінатэатра, сам фатограф і арганізатар выставы — грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», якая правяла больш за 900 культурных мерапрыемстваў.
Першым справай Аляксандра Ждановіча папрасілі прыбраць згадкі пра кампанію «Будзьма беларусамi!». Фатограф і прадстаўнікі «Будзьма!» пагадзіліся. І тым не менш праз некалькі дзён, нават не паведаміўшы аўтару выставы, яе проста знялі, растлумачыўшы тым, што «тут якраз планавалася новая экспазіцыя».
Хоць выстава Ждановіча планавалася на два тыдні.
На жаль, не ўсе, хто хацеў убачыць выставу ў кінатэатры «Перамога», змаглі зрабіць гэта. Цяпер у іх ёсць магчымасць не толькі ўбачыць фотаздымкі, але і набыць іх на адмысловай інтэрнэт-старонцы, якая хутка пачне працу. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу фатаграфій, пойдуць у дабрачынны фонд «Добра тут» на патрэбы Гарадзішчанскага дома-інтэрната для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
А праз месяц зорак выставы можна будзе і пачуць — 22 красавіка ў клубе «Рэактар» кампанія «Будзьма беларусамі!», Гурт IQ48 і фонд «Добра тут» ладзяць дабрачынны канцэрт пад назвай «Добры Фэст». На ім выступяць IQ48, Neuro Dubel, B: N, ZM99 («Змяя»), Алег Хаменка («Палац»).
У «Рэактары» выстава пройдзе ў апошні раз, і па заканчэнні канцэрта фота будуць раздадзеныя сваім паўнапраўным уладальнікам.