Зноў затрымалі Андруся Кашэўскага
Сябру Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з Жодзіна Андруся Кашэўскага затрымалі 5 красавіка каля 19 гадзінаў у цягніку Менск-Асіповічы.
Андрусь у цягніку распаўсюджваў газету “Народная воля”. Да яго прычыпіліся двое мужчынаў і спрабавалі справакаваць бойку. Па прыбыцці цягніка ў Менск пасажыры выклікалі міліцыю, і ўсіх траіх завялі ў прывакзальны пастарунак. Цяпер міліцянты правяраюць дакументы і рэчы затрыманых.
Нагадаем, сябра БХД Андрусь Кашэўскі, які збіраўся балатавацца ў Жодзінскі гарсавет і Менскі аблсавет, быў затрыманы вечарам 3 сакавіка ў Менскім метро.
Актывіста даставілі ў суд Ленінскага раёна, дзе ў той жа вечар адбыўся суд. Суддзя Навіцкая прысудзіла актывісту 15 сутак зняволення.
15 сакавіка ў Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі ў Паўла Севярынца адмовіліся прыняць дакументы на рэгістрацыю Андруся Кашэўскага кандыдатам ў дэпутаты.
Прэсавая служба БХД