Салігорск: Агітаваць дазволілі і на спартовых пляцоўках
Выканаўчы камітэт, нарэшце, перагледзеў уласнае рашэнне аб прызначэнні месцаў для вядзення агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты. Першапачаткова чыноўнікі вызначылі два месцы для стотысячнага гораду і знаходзіліся абодва аб’екты на ўскраіне.
Прадстаўнікі штаба Аляксея Валабуева і мясцовай філіі БХК адразу звярнуліся са скаргай у Цэнтральную выбарчую камісію і раённы выканаўчы камітэт. На іх думку, колькасць месцаў абмяжоўвала магчымасці кандыдатаў паўнавартасна праводзіць агітацыйную кампанію, бо непасрэдна на тэрыторыі выбарчых акругаў дазволеных для сустрэчаў месцаў не было.
Цэнтральная камісія прыняла бок праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў і яшчэ ў сакавіку рэкамендавала выканкаму пераглядзець рашэнне. Інфармацыя пра ўнясенне зменаў з’явілася толькі 14 красавіка, публічна яна агучана толькі 15. Дарэчы, і факт надта позняй карэктыроўкі рашэння выклікаў незадаволенасць актывістаў штабоў дэмакратычных кандыдатаў. Яны паўторна звярталіся са скаргай у ЦВК з патрабаваннем паскорыць працэс перагляду.
Згодна ж з новым рашэннем выканаўчага камітэта, з 15 красавіка кандыдаты могуць агітаваць яшчэ на 12 спартовых пляцоўках каля школаў горада. Дадатковых памяшканняў на тэрыторыях выбарчых акругаў па-ранейшаму не прадугледжана.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”