Шуміліна: Барацьба не на роўных
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 25 склікання Аляксандр Ацясаў, які балатуецца ў той жа прадстаўнічы орган вобласці па Шумілінскай выбарчай акрузе № 30, актыўна праводзіць сваю агітацыйную кампанію. За два дні знаходжання ў акрузе ён паспеў пабываць у шматлікіх арганізацыях і ўстановах Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці.
Гэта і Сярэдняя школа №1 у г. Шуміліна, і сельская Абольская сярэдняя школа, і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Не засталіся ўбаку ад наведвання і прадпрыемствы раёна: аграгарадок “Мікіціха”, Камунальнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Абольскі керамічны завод”, камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Улльскі” і шэраг іншых.
На сустрэчах, арганізаваных не без удзелу адміністрацый, кіраўнік абласнога прадстаўнічага органа ўлады распавядаў пра сябе і пра сваю працу ў якасці старшыні Віцебскага аблсавета дэпутатаў, адказваў на пытанні прысутных.
Палітычным супернікам у беспартыйнага А. Ацясава ў гэтай выбарчай акрузе з'яўляецца сябра партыі Беларускі Народны фронт, беспрацоўны жыхар вёскі Амбросавічы Шумілінскага раёна Аляксандр Шчамялёў.
Натуральна, апазіцыянер не валодае тымі адміністрацыйнымі і арганізацыйнымі рэсурсамі, якія маюцца ў распараджэнні ў другога па ўплывовасці чалавека Віцебскай вобласці. І адзінага рэсурсу А. Шчамялёва - палітычнай адвагі, відавочна недастаткова, каб стварыць годную канкурэнцыю чыноўніку.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”