Бабруйск: Жыхары інтэрнатаў чакаюць загаду зверху
У бабруйскім раёне “Даманскі” амаль усе інтэрнаты адносяцца да ААТ “Белшына”. Гэты раён ўваходзіць у акругу, па якой балатуецца ў абласны Савет дэпутатаў сябра БХД Вячаслаў Шэлег. Пад час сустрэч з жыхарамі інтэрнатаў, ён даведаўся, як і за каго звычайна галасуюць гэтыя выбаршчыкі.
- Жыхары інтэрнатаў ставяцца да выбараў зусім абыякава. Бо звычайна іх выклікае начальства інтэрната, паведамляе, за каго галасаваць, - і яны так і робяць. Людзі кажуць аб гэтым, як пра натуральную справу, да якой яны прывыклі. Таму ў іх няма жадання знаёміцца з нейкімі кандыдатамі ў дэпутаты. Ім усё скажуць, а яны выканаюць, - распавядае Вячаслаў Шэлег.
Таксама Вячаслаў Шэлег адзначае нежаданне бабруйчанаў удзельнічаць у выбарах.
-У дзяржаўных газетах зараз пішуць, што яўка будзе 80 працэнтаў. Негледзячы на адменены парог яўкі, яны гэта дэкларуюць, а навошта? Гэта гучыць як загад сябрам камісій, каб яны стваралі патрэбныя лічбы. Я, дзякуючы перадвыбарчай працы, дакладна ведаю, што галасаваць прыйдзе зусім мала людзей. Бо бабруйчане пастаянна кажуць аб тым, што ім гэтыя выбары непатрэбныя. І калі, у выніку, прагучыць лічба “80 працэнтаў яўкі”, можна сцвярджаць дакладна, што былі фальсіфікацыі, - мяркуе Вячаслаў Шэлег.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”