Віцебшчына: За два дні прагаласавала амаль 10% выбаршчыкаў
У Віцебскай вобласці за два дні датэрміновага галасавання свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў аддалі 86796 выбаршчыкаў, што складае 9,6% ад агульнай колькасці жыхароў вобласці, якія валодаюць правам удзельнічаць у выбарах. Гэта крыху больш, чым у сярэднім па рэспубліцы: нагадаем, па афіцыйных дадзеных, за два дні па ўсёй краіне правам прагаласаваць датэрмінова скарысталіся 8,7% выбаршчыкаў.
На пачатак датэрміновага галасавання ў вобласці было акрэдытавана 2063 назіральнікі, з якіх 1995 будуць займацца маніторынгам выбарчага працэсу непасрэдна на ўчастках для галасавання. Акрамя таго, пра сваё жаданне назіраць за правядзеннем выбараў заявілі 62 дэпутаты мясцовых Саветаў 25 склікання. Чакаецца, што ў вобласць прыедуць назіраць прадстаўнікі замежных дзяржаў.
Для заахвочвання актыўнасці выбаршчыкаў, якім споўнілася 18 і якія першы раз у жыцці будуць выконваць свой грамадзянскі абавязак, участковымі камісіямі будуць уручаны заахвочвальныя прызы. Так, на выбарчым участку №2 Кіраўскай выбарчай акругі №52 у г. Віцебску маладыя людзі разам з віншаваннямі атрымаюць на памяць флікеры.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”