Віцебшчына: Магчымасці для агітацыі -- розныя
Кандыдаты ў дэпутаты працягваюць весці агітацыйную кампанію. У кожнага з іх атрымліваецца гэта з розным поспехам і залежыць ад таго, каго і як падтрымліваюць улады. Так, актывіст Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў, які балатуецца ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў па Чарняхоўскай выбарчай акрузе № 55, быў затрыманы і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі Першамайскага раёна г. Віцебску. Прычына – нібыта размяшчэнне ім улётак у недазволеным уладамі месцах - на слупах уздоўж вуліцы Гарбачэўскага. На А. Кузняцова супрацоўнікамі міліцыі быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 21.14 “Парушэнне правіл утрымання населеных пунктаў”, які хутка будзе перададзены ў суд. Апазіцыйны кандыдат у дэпутаты можа быць пакараны судом штрафам у памеры ад 140 да 875 тыс. рублёў.
Толькі пасля скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію апазіцыйнага кандыдата Георгія Станкевіча было адменена рашэнне Бешанковіцкай выбарчай камісіі, якая забараніла трансляваць па мясцовым радыё выступ кандыдата ў дэпутаты ў Бешанковіцкі раённы Савет дэпутатаў. Скарга ў Віцебскую абласную выбарчую камісію не дала патрэбнага выніку - аднаўленне права на агітацыю праз электронныя СМІ. Выступ кандыдата - актывіста БХД Г. Станкевіча прагучыць па мясцовым радыё ў суботу 24 красавіка, у апошні дзень агітацыйнай кампаніі.
З іншага боку тыя кандыдаты, да якіх улады ставяцца добразычліва, маюць дадатковы агітацыйны рэсурс - мясцовыя дзяржаўныя газеты. Гэтай магчымасцю карысталіся і карыстаюцца дагэтуль кандыдаты-чыноўнікі. Так, у апошнім нумары госгазеты “Витьбичи” гучна заявілі пра сябе кандыдаты ў дэпутаты ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў па Клінічнай выбарчай акрузе № 51 член Віцебскага аблвыканкама і рэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Валерый Башметаў і Чапаеўскай выбарчай акрузе № 50 галоўны ўрач Рэспубліканскага Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Аляксандр Шчуко.
У гэтых акругах змагаюцца за дэпутацкія мандаты адпаведна доктар Віцебскай гарадской станцыі хуткай неадкладнай дапамогі, сябра партыі “Справядлівы свет” Аляксандр Вінаградаў і спецыяліст па кроўлях і штучных матэрыялах ЧПУП “Свой майстар”, сябра партыі “Справядлівы свет” Сяргей Трацякоў. Аднак у апазіцыянераў няма такога прывілею - выступіць у дзяржгазете і тым самым заявіць пра сябе і данесці да выбаршчыкаў сваю палітычную пазіцыю.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”