Свіслацкі раён: За праўладнага кандыдата агітуюць у працоўны час
У Свіслацкім раёне (Гарадзеншчына) апошнія дні мясцовай выканаўчай уладай актыўна ладзяцца сустрэчы з кандыдатам Ільём Епіфанавым, начальнікам абласнога ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму. Прычым гэтыя сустрэчы адбываюцца ў працоўны час і ў месцах, якія не прадугледжаныя для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі (такія месцы дакладна вызначаны мясцовай адміністрацыяй). Прыкладам, 22 красавіка адбыліся такія сустрэчы ў Свіслацкай сярэдняй школе №2, а таксама ў сельска-гаспадарча вытворчым кааператыве з цэнтрам у вёсцы Пацуі. Такая падвышаная актыўнасць мясцовай вертыкалі тлумачыцца тым, што супернікам Епіфанава па Свіслацкай выбарчай акрузе №50 абласнога савету з’яўляецца Віктар Дзесяцік, прадстаўнік дэмакратычнай партыі БСДГ.
У такой сітуацыі, мяркуюць незалежныя назіральнікі, гаварыць пра роўныя магчымасці агітацыі для праўладных і незалежных кандыдатаў не даводзіцца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”