Гародня: Над кожнай камісіяй стаіць куратар з гарвыканкаму?
Як удалося высветліць грамадскаму праваабаронцу Раману Юргелю, за кожнай гарадской акруговай і участковай камісіяй па выбарах мясцовых Саветаў дэпутатаў замацаваны куратар з гарадскога выканаўчага камітэту. Гэта стала вядома пасля таго, як Юргелю паведамілі праз тэлефон з гарвыканкаму, што ён пазбаўлены акрэдытацыі як назіральнік ад БХК па Універсітэцкай выбарчай акрузе№3 у Гарадзенскі абласны Савет.
Раман Юргель адразу затэлефанаваў у адпаведную акруговую камісію і меў размову з яе сакратаром Юліяй Фядосавай. Яна сказала, што ў апошні панядзелак накіраванне праваабаронцы было прадстаўлена на разгляд куратарцы Ніне Салей з гарвыканкаму. Фядосава падкрэсліла, што такое падаванне дакументаў – звыклая практыка ва ўсіх участковых і акруговых камісіях. Яна дадала, што куратары з гарвыканкаму дапамагаюць і кансультуюць такім чынам камісіі.
Калі Юргель патэлефанаваў у гарвыканкам, то яму, аднак, адказалі, што гарвыканкам дачынення да выбараў не мае.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”