Правядзенне агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання. Аналіз і тэндэнцыі
1. Агульныя палажэнні
Паводле арт. 45 Выбарчага кодэкса, грамадзянам Рэспублікі Беларусь, палітычным партыям, іншым грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам, давераным асобам кндыдатаў у дэпутаты прадстаўляецца права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарчых праграм кандыдатаў у дэпутаты, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правядзення агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэч з выбаршчыкамі.
Агітацыйныя перадвыбарчыя матэрыялы, выступы на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні, радыё, не павінны ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, абразаў і паклёпу ў адносінах да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў дэпутаты. Забараняецца агітацыя ці прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюд паведамленняў і матэрыялаў, якія ўзбуджаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць.
Агітацыя (у тым ліку публічныя заклікі да байкоту выбараў) у дзень галасавання не дапускаюцца.
Артыкул 74 Выбарчага кодэкса гарантуе кандыдатам у дэпутаты з моманту іх рэгістрацыі роўнае права выступаць на перадвыбарчых і іншых сходах, паседжаннях, у друку, па дзяржаўнаму радыё.
Дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, кіраўнікі арганізацый, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання абавязаны садзейнічаць арганізацыі сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчкамі.
Арт. 73 Выбарчага кодэкса гарантуе роўныя правы і абавязкі ўсіх кандыдатаў у дэпутаты і забараняе выкарыстанне перавагі службовага становішча ў інтарэсах абрання.
Кандыдаты ў дэпутаты, іх давераныя асобы, якія агітуюць за абранне кандыдатаў, не маюць права раздаваць грамадзянам грашовыя сродкі, падарункі і іншыя матэрыльныя каштоўнасці, праводзіць ільготны распродаж тавараў, бясплатна прадстаўляць любыя паслугі і тавары, акрамя агітацыйных друкаваных матэрыялаў, адмыслова вырабленых для выбарчай кампаніі. Пры правядзенні агітацыі забараняецца ўздзейнічаць на грамадзянаў абяцаннямі перадачы ім грашовых сродаў, матэрыяльных каштоўнасцяў.
Пры парушэнні дадзеных патрабаванняў адпаведныя камісіі прымаюць меры для спынення злоўжыванняў правам на правядзенне перадвыбарчай агітацыі, выбарчыя камісіі маюць права такасама адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата.
Згодна з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 26-га склікання, які быў зацверджаны пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і паравядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, агітацыйная кампанія пачыналася з моманту рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты па 24 красавіка 2010 г. уключна).
Паводле дзеючага выбарчага заканадаўства агітацыя кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі ажыцяўляецца ў трох формах: агітацыя праз друкаваныя матэрыялы, праз СМІ і шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў і сустрэч з выбаршчкамі.
2. Агітацыя праз друкаваныя матэрыялы
Заканадаўчае рэгуляванне
У адпаведнасці з арт. 45 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, кандыдаты ў дэпутаты маюць права на выраб перадвыбарчых плакатаў, заклікаў, заяваў, надпісаў, улётак, фотаматэрыялаў (далей плакатаў). На аплату выдаткаў па вырабу плакатаў кандыдату ў дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў выдзялюяцца сродкі з бюджэту ў памеры 8 базавых велічынь, кандыдату ў дэпутаты раённага, гарадскога (горада абласнога падпарадквання) Савета дэпутатаў – 4 базавых велічынь і кандыдату ў дэпутаты гарадскога (горада раённага падпарадкавання), пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў — 1 базавай велічыні.
Агітацыйныя друкаваныя матэрыялы павінны ўтрымліваць наступныя выходзячыя дадзеныя: назву і адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабіла друкаваныя матэрыялы, нумар ліцэнзіі на паліграфінчую дзейнасць і дату яе выдачы, наклад і нумар замовы. Агітацыйныя друкаваныя матэрыялы павінны вырабляцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Распаўсюд ананімных агітацыйных друкаваных матэрыялаў забараняецца.
Пры правядзенні выбараў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ў згадненні з адпаведнымі камісіямі выдзяляюць на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання месцы, якія найбольш наведваюцца грамадзянамі, для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Выканаўчыя і распарадчыя органы могуць забараніць размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў у не адведзеных для іх месцах.
Не дапускаецца зняцце, заклейванне, замазванне, пашкоджанне плакатаў, калі гэтыя плакаты выраблены і размешчаны з выкананнем патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
На ўсіх участках для галасавання не пазней за 14 дзён да выбараў афармляюцца стэнды з інфармацыйнымі матэрыяламі пра кандыдатаў. Стэнды з такімі інфармацыйнымі матэрыяламі захоўваюцца ў памяшканнях для галасавання і ў дзень выбараў.
Агітацыйныя матэрыялы, раней размешчаныя па-за памяшканнямі для галасавання, захоўваюцца на папярэдніх месцах.
Згодна з арт. 48 Выбарчага кодэкса, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь не маюць права аказваць іншую матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, акрамя ўнясення грашовых сродкаў у па-забюджэтны фонд (паступіўшыя у такі фонд грашовыя сродкі падзяляюцца пароўну паміж усімі кандыдатамі ў дэпутаты).
Выкарыстанне асобай, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, грашовых сродкаў ці іншай матэрыяльнай дапамогі ў парушэнне дадзеных патрабаванняў, цягне адпаведна адмову ў рэгістрацыі кандыдата ці адмену рашэння аб ягонай рэгістрацыі.
Таксама забараняецца прамы ці ўскосны ўдзел замежных дзяржаў і арганізацый, міжнародных арганізацый, арганізацый з замежнымі інвестыцыямі, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў фінансаванні і іншай матэрыяльнай дапамозе пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.
Стварэнне выбарчых фондаў кандыдамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Выбарчым кодэксам не прадугледжана. У адпаведнасці з апошнімі зменамі ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, стварэнне такіх фондаў кандыдатамі прадугледжваецца толькі падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым выраб усёй агітацыйнай прадукцыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, як і правядзенне ўсёй агітацыйнай кампаніі наогул, ажыцяўляецца выключна за грошы, выдзеленыя для гэтых мэтаў з бюджэту.
Зыходзячы з гэтага, перадвыбарчая агітацыя кандыдадамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпуататаў праходзіла ў тых жа прававых умовах, што і папярэднія выбарчыя кампаніі.
Тэндэнцыі і парушэнні
Невялікі памер грашовых сродкаў, прадугледжаны дзеючым выбарчым заканадаўствам для вырабу агітацыйных друкаваных матэрыялаў, сказаўся на бачнасці агітацыі падчас правядзенння выбараў. Выдадзеных з бюджэту сродаў фактчына хапіла толькі на друк агітацыйных друкаваных матэрыялаю, якія размяшчаліся ў месцах, выдзеленых для гэтых мэтаў мясцовымі органамі ўлады (на інфармацыйных стэндах). Іншых відаў друкаванай прадукцыі (улётак, запрашэнняў на сустрэчы з выбаршчыкамі) было відавочна недастаткова для правядзення паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі і данясення інфармацыі пра кандыдатаў, іх праграм да выбаршчыкаў. У выніку агітацыйная кампанія ў цэлым была малазаўважнай, асабліва ў рэгіёнах.
Прыкладам гэтага з’яўляецца агітацыйная кампанія кандыдата А. Паўлоўскага. Выдаткаваных сродкаў на вядзенне агітацыі кандыдату ў дэпутаты ў Магілёўскі гарадскі і абласны Саветы хапіла толькі, каб надрукаваць агітацыйныя матэрыялы адпаведна на 20% і 40% выбаршчыкаў акруг, па якіх ён вылучаецца. “Магілёўская абласная друкарня пагадзілася надрукаваць мае агітацыйныя матэрыялы, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі, - Выдаткаваных сродкаў для балатавання ў абласны Савет дэпутатаў мне хапіла толькі на тое, каб надрукаваць 5 700 самых танных чорна-белых агітацыйных улётах і 50 каляровых плакатаў. Калі ўлічыць, што на маёй абласной выбарчай акрузе 15 000 выбаршчыкаў, то сваімі агітацыйнымі матэрыяламі я накрываю ўсяго каля 40% выбаршчыкаў. Як кандыдату ў дэпутаты ў Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў мне таксама выдаткавалі сродкі, якіх хапіла толькі на тое, каб надрукаваць 1 500 агітацыйных улётак і 10 плакатаў такой жа самай якасці. Калі ўлічыць, што на маёй выбарчай акрузе пражывае 7 000 выбаршчыкаў, то гэтай прадукцыі вельмі мала, і ёй можна ахапіць толькі 20% выбаршчыкаў”.
У шэрагу выпадкаў былі зафіксаваныя выпадкі цэнзуравання падрыхтаваных кандыдатамі ў дэпутаты інфармацыйных матэрыялаў. У ролі цэнзараў выступалі мясоцвыя выканаўчыя органы ўлады, адпаведныя акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, а ў шэрагу выпадкаў -- і арганізацыі, з якімі былі заключаны адпаведныя грамадзянска-прававыя дамовы на выраб друкаваных матэрыялаў. Некаторыя арганізацыі патрабавалі папярэдняга ўзгаднення тэкстаў улётак з адпаведнымі мясцовымі выканакамамі.
Кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета Мікалай Петрушэнка 16 красавіка падаў скаргу ў пракуратуру горада Оршы на Аршанскі гарвыканкам. Сутнасць справы заключалася ў тым, што кандыдат вырашыў у межах выбарчай кампаніі надрукаваць свае перадвыбарныя ўлёткі накладам 10 тысяч асобнікаў у Аршанскай друкарні. У тэксце ўлётак утрымлівалася інфармацыя пра час выступу па радыё іншых кандыдатаў ад апазіцыі. Аднак Аршанская друкарня паведаміла кандыдату, што ўсе ўлёткі могуць быць надрукаваны толькі па ўзгадненні з Аршанскім гарвыканкамам. М. Петрушэнка звярнуўся ў пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку працэдуры такой папярэдняй цэнзуры і ўзгаднення матэрыялаў кандыдатаў.
6 красавіка дырэктар Мазырскай дзяржаўнай друкарні РУП “Колор” С.В.Дылюк адмовіў кандыдату ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміру Целяпуну ў друкаванні агітацыйных матэрыялаў, патлумачыўшы гэта тым, што “такое ён надрукаваць не можа, інакш у яго адымуць ліцэнзію”. Напярэдадні, 5 сакавіка, кандыдат аформіў з друкарняй дамову на друкаванне плакатаў і ўлётак і напісаў гарантыйны ліст на аплату. Дамову і пратакол узгаднення коштаў кандыдат аднёс у акруговую выбарчую камісію, дзе павінна прастаўляцца адзнака, якая гарантуе пералік сродкаў за друкаванне прадукцыі. Кандыдат у дэпутаты запатрабаваў ад дырэктара РУП “Колор” афіцыйнага адказу ў адмове друкавання агітацыйных матэрыялаў. Кандыдат абскадзіў дзеянні па адмове ў друку сваёй агітацыйнай прадукцыі і бяздзеянні акруговай камісіі па выпраўленні сітуацыі. 15 красавіка Уладзімір Целяпун атрымаў копію ліста з Гомельскай абласной выбарчай камісіі, дзе намеснік старшыні А.Ф. Усава растлумачвае акруговай камісіі сэнс арт. 45 ч. 11 Выбарчага кодэкса РБ. А менавіта, што кандыдат у дэпутаты мае права на выраб перадвыбарчых плакатаў, улётак, фотаматэрыялаў. Заканадаўства не предуглежвае чыйгосці права альбо абавязку на ажыццяўленне цэнзуры. Кандыдат у дэпутаты самастойна рыхтуе тэкст і, у адпаведнасці з арт. 49 кодэкса, нясе адміністрацыйную альбо іншую, вызначаную заканадаўствам, адказнасць ў выніку парушэння вызначаных патрабаванняў адносна агітацыі альбо зместу агітацыйных матэрыялаў. Аднак адказнасць гэта можа надысці толькі пасля выраблення друкаванай прадукцыі.
Кандыдат у дэпутаты Брэсцкага раённага Савета па Ямінскай выбарчай акрузе № 21 А. Кузняцоў 8 красавіка аднёс у друкарню “Артлайн” у горадзе Брэсце макеты агітацыйных улётак, плакатаў і налепак. У друкарні паведамілі, што ім паступіла тэлефанаванне ад кіраўніка аддзела ідэалогіі Брэсцкага райвыканкама Л.П. Лемех, якая выказала негатыўную пазіцыю адносна улётак кандыдата Кузняцова. Пасля гэтага ў “Артлайне” адмовілі друкаваць агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты. Каардынатар Брэсцкай абласной БХД Зміцер Шурхай адзначыў, што тэрытарыяльная выбарчая камісія, у тым ліку і А.Лемех, бачылі распрацаваныя ўлёткі і былі нязгодныя з тэкстам праграмы кандыдата па той прычыне, што ён прытрымліваецца поглядаў хрысціянскай дэмакратыі і апублікаваў адпаведную перадвыбарчую праграму. Пасля адмовы ў друкарні давераныя асобы кандыдата з’ездзілі ў райвыканкам і ўказалі Л.Лемех на адказнасць за падобнае ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс, прадугледжаную Выбарчым кодэксам. Тым не менш, у “Артлайне” друкаваць агітацыйныя матэрыялы катэгарычна адмовілі. Дырэктар друкарні паведаміў, што атрымаў ад кіраўніка ідэалагічнага аддзела яшчэ адно тэлефанаванне, але прыняў на сябе адказнасць не друкаваць матэрыялы кандыдата.
Кандыдатка ў дэпутаты ад БХД з Бабруйску звярнулася ў дзяржаўную друкарню імя Непагодзіна з мэтай надрукаваць свае перадвыбарчыя ўлёткі. Пасля таго, як намеснік дырэктара азнаёміўся з эскізам ўлёткі, ён запрасіў жанчыну да сябе і ўказаў жанчыне на сімвал БХД – васілёк, прапанаваўшы прыбраць “фашысцкі знак”, бо інакш улёткі не надрукуюць. “У выніку яна згадзілася прыбраць “васілёк”, бо пабаялася, што справу з друкам зацягнуць, і яна не паспее падрыхтаваць матэрыялы, - распавядае лідэр бабруйскай суполкі БХД Таісія Кабанчук. – Мы параілі ёй напісаць скаргу ў выбарчую камісію, падаць на супрацоўніка друкарні ў суд”.
Прыватныя паліграфічныя прадпрыемствы Гомеля па розных падставах адмаўляліся друкаваць улёткі незалежных кандыдатаў. Кандыдату ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета, каардынатару ствараемай партыі БХД Святаславу Шапавалаву ў адным з прыватных прадпрыемстваў паведамілі, што ёсць негалосны загад не тое што не друкаваць улеткі, а наогул не размаўляць з кандыдатамі, якія хочуць замовіць падобную прадукцыю. “Прыватныя прадпрыемствы, а мы наведалі іх тры, адсылаюць нас у дзяржаўны «Палесдрук». Але цікавасць сітуацыі ў тым, што я хацеў надрукаваць улёткі ў выглядзе налепак, а «Палесдрук» не можа выканаць такую замову. А прыватныя прадпрыемствы, якія могуць тэхнічна гэта зрабіць, адмаўляюцца», - патлумачыў Шапавалаў. Ён таксама адзначыў, што «Палесдрук» адмовіўся друкаваць палову яго ўлетак. “Я планаваў палову ўлетак надрукаваць у «Палесдруку», а палову зрабіць у выглядзе налепак на якім-небудзь прыватным прадпрыемстве. Але на «Палесдруку» мне растлумачылі, што ёсць загад палову ці частку ўлётак не друкаваць - альбо ўсе, альбо наогул ніякіх”, - распавёў кандыдат.
У Мінску фіксаваліся выпадкі, калі супрацоўнікі ЖЭС здзіралі агітацыйныя матэрыялы, размешчаныя на дошках для аб’яваў каля пад’ездаў дамоў. Так, па вуліцы Берасцянская ў Партызанскім раёне на тэрыторыі Першамайскай выбарчай акругі № 56 супрацоўнікі ЖЭС № 12 сарвалі агітацыйныя ўлёткі кандыдата ў дэпутаты Вадзіма Канапацкага. На пытанне кандыдата, чым выкліканы такія дзеянні, яны адказалі, што атрымалі загад ад майстра ЖЭС Марыны Віктараўны здымаць з дошак у дварах усю інфармацыю, што не датычыць жыллёвай службы. Гэта з’яўлецца парушэннем рашэння Мінгарвыканкама ад 25 лютага 2010 года № 475 “Аб вызначэнні ў г. Мінску месцаў для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі пры правядзенні выбараў у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў 26-га склікання”. На паседжанні выбарчай камісіі Партызанскага раёна сябра камісіі Андрэй Церашкоў узняў пытанне пра неправамернасць дзеянняў супрацоўнікаў ЖЭС. Яго зварот запісалі ў пратакол паседжання і вынеслі рашэнне ў бліжэйшы час накіраваць ва ўсе ЖЭСы Партызанскага раёна лісты, у якіх прапануецца нагадаць пра правы кандыдатаў, гарантаваныя ім заканадаўствам.
3. Агітацыя праз СМІ
Заканадаўчае рэгуляванне
У адпаведнасці з арт. 46 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, палітычныя партыі, працоўныя калектывы, грамадзяне, якія вылучылі кандыдатаў, з моманту рэгістрацыі кандыдатаў на роўных правах карыстаюцца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі.
Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, сродкі масавай інфармацыі, якія фінансуюцца з рэспубліканскага ці мясцовага бюджэтаў, а таксама сродкі масавай інфармацыі, адным з заснавальнікаў якіх выступаюць дзяржаўныя органы ці арганізацыі, абавязаны забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарчых выступаў кандыдатаў, правядзення агітацыі па выбарах.
Пры правядзенні мясцовых выбараў кандыдатам у дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога, раённага, гарадсакога (горада абласнога падпарадкавання) артыкулам 46 Выбарчага кодэкса гарантуецца права на адзін бясплатны выступ па мясцоваму дзяржаўнаму радыё. Выступы кандыдатаў забяспечваюцца на роўных падставах.
Час выступу і працэдура яго прадастаўлення рэгулюецца Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў №19 ад 18.02.2010 г. “Аб парадку выкарыстання дзяржаўных радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі для перадвыбарчых выступаў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць шостага склікання”. Паводле п.1 дадзенай пастановы, кожны кандыдат у дэпутаты абласнога, Мінскага гарадскога, раённага, гарадскога (горада абласнога падпарадкавання) Савета дэпутатаў мае правана на адзін бясплатны выступ па радыё працягласцю 5 хвілін.
Эфір для выступу прадстаўляецца:
- кандыдатам у Мінскі гарадскі і абласны Саветы дэпутатаў – у эфіры праграм “Радыёстанцыя сталіца”;
- кандыдатам у іншыя абласныя Саветы дэпутатаў – у эфіры праграм абласных радыёпраграм;
- кандыдатам раённых, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) -- у эфіры праграм раённых, гарадскіх радыёпраграм, а ў выпадку іх адсутнасці -- у эфіры абласных радыёпраграм.
Час і дата выхаду ў эфір выступаў кандыдатаў вызначацца паводле жараб’ёўкі, якую праводзяць адпаведныя акруговыя, тэратарыяльныя, якія выкнонваюць функцыі акруговых у г. Мінску, раённымі, гарадскімі (гарадоў абласнога падпарадкавання) камісіясмі. Пра дату, час і месца правядзення жараб’ёўкі камісіі інфармуюць кандыдатаў. Радыёвяшчальныя сродкі масавай інфарамацыі інфармуюць радыёслухачоў пра маючыя адбыцца выступы кандыдатаў. Выступы кандыдатаў транслююцца ў запісу.
Паводле п. 11 Пастановы, кандыдат самастойна вызначнае змест свайго выступу. Аднак ён павінен адпавядаць патрабаванням ч.1 арт. 47 Выбарчага кодэкса. Пры невыкананні гэтых патрабаванняў радёвяшчальны сродак масавай інфармацыі адмаўляе ў прадастаўленні эфірнага часу.
Тэндэнцыі і парушэнні
Трэба адзначыць, што характэрным для правядзення выбараў у мясцовыя Саветы з’яўляўся недахоп інфармацыі аб выбарах у дзяржаўных СМІ. Дзяржаўныя газеты, рэспубліканскія і мясцовыя, фактычна не асвятлялі ход выбараў і абмяжоўваліся друкам афіцыйных паведамленняў выбарчых камісій і рашэнняў выканаўчых камітэтаў, датычных выбараў. Інфармацыі аб кандыдатах, іх праграмах ў друкаваных дзяржаўных СМІ ў многіх рэгіёнах доўгі час не з’яўлялася. Выключэнне складалі выпадкі з'яўлення ў мясцовых СМІ матэрыялаў аб кіраўніках прадпрыемстваў, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты ці справаздачаў дзеючых дэпутатаў. У дадзеных матэрыялах асвятлялася іх дзейнасць на пасадзе кіраўнікоў ці дэпутацкая дзейнасць, аднак з’яўляліся гэтыя матэрыялы ў мясцовых дзяржаўных СМІ менавіта пасля рэгістрацыі гэтых асобаў у якасці кандыдатаў у дэпутаты.
Што датычыцца недзяржаўных СМІ, то іх роля пры асвятленні выбараў таксама была нязначнай. Гэта ў першую чаргу звязана з агульным станам незалежных СМІ ў Беларусі. Большасць зарэгістраваных незалежных СМІ яшчэ ў 2006 г. былі выключаны з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду і дагэтуль з’яўляюцца недаступнымі для масавага чытача.
Дзяржаўныя газеты не друкавалі агітацыйныя матэрыялы незалежных кандыдатаў, нягледзячы на тое, што ўсе кандыдаты, палітычныя партыі і грамадзяне, якія вылучылі кандыдатаў, маюць права на карыстанне дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі.
Кандыдат у дэпутаты Мазырскага раённага Савета Францішак Вячорка перадаў у газету “Жыццё Палесся” (заснавальнікі - раённыя выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў) сваю выбарчую праграму і суправадзіў яе заявай з просьбай аб публікацыі. 5 красавіка ён атрымаў адказ ад галоўнага рэдактара Ларысы Чорнай, згодна з якім Ф.Вячорку было адмоўлена ў публікацыі са спасылкай на арт. 75 Выбарчага кодэксу: “Праграма кандыдата не павінна ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты”. Словы “абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў” былі падкрэслены. Ф.Вячорка мяркуе, што адмова звязана з фрагментам ягонай праграмы: “Улада павінна служыць людзям. Яны кажуць: “Грошай няма”. У той жа час заробак чыноўнікаў дагнаў і перагнаў зарплату работнікаў НПЗ. Схадзіце ў гарвыканкам, паглядзіце, які там шыкоўны еўрарамонт. І параўнайце з тым, як жывяце і працуеце вы. Чыноўнікі праядаюць нашыя з вамі грошы”. У праграме таксама казалася пра вяртанне Мазыру скасаванага статусу радыяцыйна забруджанай зоны, пра выкарыстанне бюджэтных сродкаў не на лядовыя палацы, а на рамонт вуліц і сацыяльную сферу, пра свабодныя выбары.
Дзеючае выбарчае заканадаўства ў якасці агітацыі праз СМІ пры правядзенні мяцовых выбараў прадугледжвае толькі выступ кандыдатаў па радыё. Прычым толькі для кандыдатаў, якія балатуюцца ў абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветы дэпутатаў. Кандыдаты, якія балатуюцца ў гарадскія (гарадоў раённага падпарадкавання), сельскія і паселковыя Саветы дэпутатаў такога права пазбаўленыя і могуць разлічваць на агітацыю толькі праз друкаваныя матэрыялы, вырабленыя за 1 базавую велічыню, выдзеленую з бюджэту.
Трэба адзанчыць, што агітацыя праз радыё не прыцягвае на сёння вялікую колькасць слухачоў. Большасць насельніцтва слухае FM-станцыі і глядзціь тэле-праграмы. Асноўная маса сельскага насельніцтва мае радыёкропку і нават ведае, у які час можна паслухаць мясцовыя навіны. У гарадах жа выступы кандыдатаў па правадным радыё можна прыраўняць да тэхналогіі ўчорашняга дня. Кандыдаты, якія вылучаюцца ў гарадах, страчваюць вялікую колькасць патэнцыйных выбаршчыкаў, таму што правадное радыё амаль выйшла са сферы бытавога ўжытку. Многія маладыя людзі нават ня ведаюць, што існуе радыёкропка. А больш сталае насельніцтва калі і ведае, то ўжо амаль не карыстаецца радыёкропкай, да таго ж складана знайсці праграмму радыёперадач. Такім чынам, кандыдаты маюць заканадаўчае права скарыстацца дзяржаўным радыёвяшчаннем і данесці сваю перадвыбарчую праграму да выбаршчыкаў, але ж сучасная непапулярнасць гэтага віду СМІ і малая аўдыторыя слухачоў дае мінімальны вынік выступлення. У дадатак, паміж выступленнем на радыё і днём выбараў вялікая адлегласць часу – большая колькасць кандыдатаў гучалі ў эфіры ў апошнія дні сакавіка – пачатку красавіка. Падчас выдачы выбарчымі камісіямі пасведчанняў кандыдатаў у дэпутаты кандаты выцягвалі кожны дату і час выступу на радыё. Да дня выбараў – 25 красавіка – тыя выбаршчыкі, якія здолелі дачакацца і праслухаць выступленне кандыдатаў па сваёй выбарчай акрузе, паспяваюць забыць не толькі прадвыбарчую праграму, але і прозвішчы кандыдатаў. Назіральнікамі фіксаваліся выпадкі адвольнага цэнзуравання радыёвыступаў кандыдатаў у дэпутаты. Так, у г.Бешанковічы Віцебскай вобласці радыёвыступ кандыдата ў дэпутаты раённага Савета -- мясцовага настаўніка і сябра БХД Георгія Станкевіча -- быў запісаны, аднак раённая выбарчая камісія не пусціла запіс у эфір. Г.Станкевічу патлумачылі, што раённы выбаркам забараніў яго выступ з-за таго, што “ён можа зняславіць іншых кандыдатаў у дэпутаты райсавета, і змест выступу не тычыцца пытанняў праграмы кандыдата”. Выступ кандыдата тычыўся таго, якія заробкі атрымліваюць прадстаўнікі ўладнай вертыкалі, а якія - простыя грамадзяне. Таксама Г.Станкевіч сказаў пра тое, што выбараў на самой справе няма - бо па кожнай акрузе балатуецца па адным кандыдаце і толькі ў некалькіх акругах ёсць альтэрнатыва. Г.Станкевіч абскардзіў забарону радыёзапісу.
4. Агітацыя шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў, сустрэч з выбаршчыкамі
Заканадаўчае рэгуляванне
Падобныя віды агітацыі рэгламентуюцца арт. арт. 45, 45-1 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Змены, якія былі ўнесены ў кодэкс, закранулі такі від агітацыі, як правядзенне масавага мерапрыемства.
Дзеючае раней заканадаўства трактавала правядзенне масавых мерапрыемстваў (сходаў, мітынгаў, дэманстрацый) з мэтай агітацыі як дзеянні, якія рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь”, за адзіным выключэннем, што ў мясцовыя выканаўчыя, распарадчыя органы заява на правядзенне такога мерапрыемства падавалася за 5 дзён, а адказ павінен быў быць прадстаўлены за 2 дні да даты правядзення агітацыйнага масавага мерапрыемства. Падобная практыка была зменена, і ў кодэкс быў уведзены асобны арт. 45-1, які на дадзены момант рэгламентуе такую форму агітацыі. Дадзены артыкул рэгулюе парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюцца кандыдатамі ў дэпутаты ў месцах, вызначаных для гэтых мэтаў мясцовымі выканаўчымі органамі па ўзгадненні з адпаведнымі выбарчымі камісіямі.
Для арганізацыі масавага мерапрыемства кандыдат у дэпутаты, давераная асоба кандыдата накіроўвае ўведамленне ў мясцовы выканаўчы орган, на тэрыторыі якога плануецца яго правядзенне (у г. Мінску ўведамленне накіроўваецца ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт), не пазней чым за два дні да мяркуемай даты.
Масавае мерапрыемства, а таксама падрыхтоўка да яго павінна быць спынена па патрабаванні кіраўніка ці намесніка кіраўніка мясцовага выканаўчага органа, орагана ўнутраных спраў у выпадках:
- невыканання кандыдатам, даверанай асобай патрабаванняў, прадугледжаных ч. 2 арт. 45.1;
- узнікнення небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян.
Масавыя мерапрыемствы, мэтай якіх з’яўляецца ажыцяўленне агітацыі, якія плануюцца не ў месцах, вызначаных выканкамамі, праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах.
Яшчэ адным з магчымых сродкаў агітацыі з’яўляецца правядзенне сходаў у памяшканнях, а таксама правядзенне сустрэч з выбаршчыкамі. У адпаведнасці з ч.7 арт.45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з адпаведнымі выбарчымі камісіямі вызначаюць памяшканні для правядзення сустрэч з кандыдатамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі. Прадстаўленне іншых памяшканняў магчыма па ўзгадненні кіраўнікоў арганізацый з кандыдатамі, даверанымі асобамі, выбаршчыкамі. Памяшканні прадастаўляюцца бясплатна ў парадку чаргі пададзеных заяваў кандыдатамі, даверанымі асобамі, грамадзянамі.
У адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць шостага склікання”, зацверджанымі Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь 12.01.2010г. за №1, на выбарчыя камісіі кладзецца абавязак інфармаваць выбаршчыкаў праз СМІ ці іншым чынам аб даце і месцы сустрэчы з кандыдатам, яго даверанай асобай, ці сходзе, арганізаваным грамадзянамі.
Тэндэнцыі і парушэнні
У адпаведнасці з новаўвядзеннямі ў заканадаўства, мясцовыя распарадчыя органы па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі вызначаюць месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў з мэтай агітацыі. На практыцы мясцовыя распарадчыя органы пры вызначэнні такіх месцаў не прытрымліваліся прынцыпа, што яны павінны адбывацца ў месцах, найбольш наведваемых выбаршчыкамі. Таксама часта вызначаныя месцы для правядзення масавых месцаў не знаходзіліся ў кожнай выбарчай акрузе адпаведнага Савета. Фактычна ў вялікіх гарадах вызначалася некалькі месцаў, а ў шэрагу выпадкаў - толькі адно. Гэта прывяло да таго, што на большасці акругаў кандыдаты не мелі месца для правядзення агітацыі шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў. Удзельнікі маніторынгу неаднаразова звярталіся са скаргамі у Цэнтральную выбарчую камісію аб тым, што мясцовыя выканаўчыя ўлады вызначылі недастаткова месцаў для сустрэч з выбаршчыкамі. Цэнтральная камісія рэкамендавала гэтым мясцовым органам улады перагледзіць адпаведныя рашэнні. Такія скаргі падаваліся на адпаведныя рашэнні гарадскіх выканкамаў г. Баранавічы, Салігорска, Магілёва, Мастоў. У выніку мясцовыя органы ўлады вызначалі дадатковыя месцы для правядзення агітацыі. Пры гэтым Цэнтральная камісія ў сваіх адказах на скаргі пісала, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае абавязковае вызначэнне такіх месцаў на кожнай выбарчай акрузе. Гэта з’яўляецца сур’ёзнай хібай дзеючага заканадаўства, паколькі кандыдаты былі вымушаны праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў месцы, вызначаным мясцовым выканкам, якое знаходзіцца па-за межамі акругі, на якой ён балатуецца, і на якой пражываюць ягоныя выбаршчыкі. Гэта рабіла такія сустрэчы пазбаўленыя ўсялякага сэнсу.
Напрыклад, кандыдат у дэпутаты Гродненскага абласнога Савета Зміцер Кухлей звярнуўся са скаргай у Цэнтравыбаркам на рашэнне Мастоўскага райвыканкама, згодна з якім у цэлым раёне выдзелены толькі два месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Згодна з рашэньнем выканкама, агітаваць можна на запасным полі стадыёна “Нёман” і на пляцоўцы для правядзення кірмашоў каля Мастоўскага рынку. Прычым толькі пасля 15:00. У астатніх месцах правядзенне масавых мерапрыемстваў забаронена. У раёне вызначаны 25 выбарчых акруг, з якіх 12 размешчаныя непасрэдна ў Мастах, астатнія 13 — у сельскай мясцовасці. Кандыдат у дэпутаты Зміцер Кухлей звярнуў увагу ў скарзе на тое, што абсалютная большасць кандыдатаў пазбаўлены магчымасці праводзіць выбарчую агітацыю шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў: сходаў, мітынгаў і пікетавання. Асабліва гэта датычыць тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці.
Таксама трэба адзначыць, што часта вызначаныя для агітацыі месцы не з’яўляліся найбольш наведваемымі выбаршчыкамі, што не адпавядае агульнаму патрабаванню арт. 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Так, напрыклад, па скарзе кандыдата З.Кухлея мясцовыя органы ўлады вызначылі ў Мастах дадаткова 22 месцы для правядзення агітацыі, але ўсе гэтыя месцы мала наведваемыя грамадзянамі.
Аналагічная сітуацыя назіралася і ў Салігорску, дзе выканаўчы камітэт перагледзеў уласнае рашэнне аб прызначэнні месцаў для вядзення агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты. Першапачаткова чыноўнікі вызначылі два месцы для стотысячнага горада, і знаходзіліся абодва аб’екты на яго ўскрайку. Прадстаўнікі штаба Аляксея Валабуева і мясцовай філіі БХК звярнуліся са скаргай у Цэнтральную выбарчую камісію і раённы выканаўчы камітэт. На іх думку, колькасць месцаў абмяжоўвала магчымасці кандыдатаў паўнавартасна праводзіць агітацыйную кампанію, бо непасрэдна на тэрыторыі выбарчых акругаў дазволеных для сустрэчаў месцаў не было. Цэнтральная камісія прыняла бок праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў і яшчэ ў сакавіку рэкамендавала выканкаму пераглядзець рашэнне. Інфармацыя пра ўнясенне зменаў з’явілася толькі 14 красавіка, публічна агучана толькі 15. Згодна з новым рашэннем выканаўчага камітэта, з 15 красавіка кандыдаты маглі агітаваць яшчэ на 12 спартовых пляцоўках каля школаў горада. Дадатковых памяшканняў на тэрыторыях выбарчых акругаў па-ранейшаму не было прадугледжана.
Падобная сітуацыя мела месца паўсюдна, таму трэба адзначыць, што амаль па ўсёй краіне мясцовыя органы ўлады імкнуліся максімальна абмежаваць магчымасць правядзення масавых мерапрыемстваў у мэтах агітацыі.
Новая норма закона аб заяўляльным прынцыпе правядзення масавых мерапрыемстваў спрасціла працэдуру агітацыі. Аднак у сітуацыі, калі органамі мясцовай улады вызначаюцца маланаведваемыя месцы ці дадзеныя месцы знаходзяцца па-за межамі акругі, на якой балатуецца канкрэтны кандыдат, гэта не можа прывесці да эфектыўнай агітацыі. Гэтыя заканадаўчыя новаўвядзенні на практыцы не прывялі да павялічэння магчымасцяў для агітацыі і даступнасці інфармацыі аб кандыдатах для выбаршчыкаў.
Шэраг парушэнняў былі зафіксаваны ўдзельнікамі маніторынгу пры правядзенні такога віда агітацыйных мерапрыемстваў, як сходы і сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканнях. Зафіксаваныя выпадкі, калі выбаршчыкам не паведамлялася пра дату і месца такіх сустрэч выбарчымі камісіямі. Таксама зафіксаваныя выпадкі, калі нават кандыдатам не паведамлялася аб тым, што адбудуцца сустрэчы з выбаршчыкамі, у якіх быў прадугледжаны іх ўдзел.
Так, у Гомелі акруговыя выбарчыя камісіі адным дэмакратычным кандыдатам «забыліся» паведаміць, што ў іх будзе сустрэча з выбаршчыкамі, а прозвішчы другіх наогул не пазначылі ў якасці кандыдатаў пры запрашэнні жыхароў на сустрэчу. Каардынатар Руху «За свабоду» ў рэгіёне Пётр Кузняцоў распавёў пра сітуацыю з кандыдатам у дэпутаты Гомельскага гарадскога Савета Змітром Сцепанцом. Кандыдат даведаўся пра тое, што сустрэча з выбаршчыкамі адбудзецца 15 красавіка з абвесткі на слупе. Прытым у гэтай абвестцы былі пазначаны ўсе прозвішчы кандыдатаў па Валгаградскай выбарчай акрузе №14, акрамя ягонага. «Выбаркам, калі праводзіць сустрэчу з кандыдатамі, павінен быў запрасіць усіх кандыдатаў. Лічу, што гэта дыскрымінацыя», - адзначыў П.Кузняцоў. Кандыдату ў дэпутаты гарсавета, сябру Руху «За свабоду» Дар'і Суворавай камісія таксама не паведаміла пра сустрэчу з выбаршчыкамі, прызначаную на 14 красавіка. Разам з тым інфармацыя пра запланаваную сустрэчу з кандыдатамі, сярод якіх стаяла і прозвішча Суворавай, была размешчана ў абвестках-запрашэннях на сустрэчу. Сама Дар’я пра сустрэчу з выбаршчыкамі даведалася ад знаёмых.
У адпаведнасці з арт. арт. 40, 41, 42 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, выбарчыя камісіі адпаведных узроўняў абавязаны садзейнічаць кандыдытам у дэпутаты, давераным асобам у правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі ў памяшканнях. Трэба адзначыць, што мелі месца выпадкі перашкодаў з боку мясцовых органаў выканаўчай і распарадчай улады ў правядзенні сустрэч. Так, 15 красавіка адбылася сустрэча кандыдата ў дэпутаты у Мазырскі райсавет Францішака Вячоркі (Станцыйная выбарчая акруга № 25) і кандыдата ў дэпутаты ў Гомельскі абласны Савет Уладзіміра Целяпуна (Палеская выбарчая акруга № 43) з выбаршчыкамі мікрараёна “Чыгуначны” г. Мазыра. Сустрэча адбылася на пляцоўцы каля будынку Дома культуры “40 год Кастрычніка”, у сам Дом культуры кандыдатаў не пусцілі -- у гэты час замест сустрэчы быў прызначаны паказ відэафільма. Графік паказу відэафільма нечакана змянілі, і замест 14 красавіка паступіла каманда перанесці паказ на 15-е. Пры гэтым У.Целяпун яшчэ 12 красавіка асабіста перадаў кіраўніку справамі райвыканкама Пашынскаму М.М. (ён жа старшыня Мазырскай раённай выбарчай камісіі) заяву-паведамленне аб маючай адбыцца сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі. 14 красавіка, напярэдадні сустрэчы, У.Целяпун сваёй заявай прасіў пракурора Мазырскага раёна Сушчэўскага В.В. забяспечыць у парадку нагляду выкананне аддзелам культуры Мазырскага райвыканкама і дырэктарам ДК “40 год Кастрычніка” законнасці і патрабаванняў Выбарчага кодэкса Беларусі.
Падчас агітацыйнай кампаніі мелі месца і выпадкі вынясення папярэджанняў кандыдатам у дэпутаты за парушэння правіл правядзення агітацыйных мерапрыемстваў у выглядзе масавых мерапрыемстваў. Так, 15 красавіка Віцебская гарадская выбарчая камісія вынесла афіцыйнае папярэджанне актывісту БХД, кандыдату гарсавету па Тэхналагічнай выбарчай акрузе № 9 Уладзіміру Рамановічу. На пасяджэнні камісіі кандыдату патлумачылі, што на яго прайшла скарга ад загадчыцы студэнцкага інтэрнату Тэхналагічнага ўніверсітэта. У скарзе гаварылася, што кандыдат у дэпутаты ладзіць несанкцыянаваныя пікеты ў двары інтэрнату. Уладзімер Рамановіч патлумачыў, што ўсяго толькі аддаў знаёмым некалькі сваіх агітацыйных ўлётак. Камісія кваліфікавала гэтыя дзеянні як парушэнне выбарчага заканадаўства і звярнула ўвагу кандыдата на тое, што да заявы загадчыцы інтэрната былі прыкладзены раздрукоўкі з сайту Радыё Свабода — фрагменты перадачы, дзе Уладзімір Рамановіч разважае пра неабходнасць добраўпарадкавання тэрыторыі акругі. Заяўніца палічыла, што выказванні ў перадачах Радыё Свабода — гэта таксама незаконная агітацыя. Паводле Уладзіміра Рамановіча, усе месцы, вызначаныя для агітацыйных пікетаў і сходаў, знаходзяцца па-за межамі ягонай акругі, таму ён вымушаны звяртацца ў камісію па дазволы на сустрэчы з выбаршчыкамі ў іншых месцах. Такая сустрэча прайшла ў віцебскай гімназіі № 3, дзе ўсім кандыдатам, якія балатуюцца ў бліжэйшым мікрараёне, было дадзена па 5 хвілін на выступ.
Удзельнікамі маніторынгу таксама быў зафіксаваны выпадак адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Вольгі Карач за тое, што яна раздавала выбаршчыкам паветраныя шарыкі і каляндарыкі, што было расцэнена адпаведнымі выбарчымі камісіямі як подкуп выбаршчыкаў. Вольга Карач была пазбаўлена рэгістрацыі ў якасці кандадата ў дэпутаты ў Віцебскі абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў. У той жа час трэба адзначыць, што больш не зафіксавана выпадкаў адмены рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў сувязі з парушэннямі выбарчага заканадаўства. Фактычна камісіі абмяжоўваліся вынясеннямі папярэджанняў, якія таксама насілі адзінкавы характар.
5. Высновы:
1. Змены ў выбарчае заканадаўства, спрасціўшы прававое рэгуляванне правядзення масавых мерапрыемстваў і сустрэч з выбаршчыкамі, на практыцы не прывялі да пашырэння выбарчай кампаніі і спрашчэння ўмоваў агітацыі. Гэтага не ўдалося дасягнуць за кошт неабгрунтаваных абмежаванняў да месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады.
2. У цэлым не назіралася вялікай колькасці папярэджанняў кандыдатаў з боку выбарчых камісій. Зафікасаваны толькі адзін выпадак пазбаўлення рэгістрацыі за парушэнне парадку правядзення агітацыі.
3. Грашовых сродкаў, якія выдзяляліся з бюджэту для друку агітацыйных матэрыялаў, было відавочна недастаткова, што сказалася на бачнасці агітацыйнай кампаніі ў цэлым.
4. Зафіксаваны выпадкі цэнзуравання тэкстаў агітацыйнай прадукцыі з боку мясцовых выканкамаў, выбарчых камісій і прадпрыемстваў, якія ажыццяўлялі друк матэрыялаў, а таксама выпадкі цэнзуравання радыё-выступаў кандыдатаў з боку радыёвяшчальных органаў.
5. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі недастаткова ўдзялялі ўвагі мясцовым выбарам.
6. У цэлым агітацыя кандыдатаў насіла вельмі абмежаваны характар, была мала заўважнай для выбаршчыкаў.