ЦВК пацвярджае, што камісіі павінны агучваць вынікі раздзельнага падліку галасоў
Назіральнікі, якія сёння знаходзяцца на ўчастках для галасавання, сутыкнуліся з тым, што адносна агалошвання вынікаў падліку галасоў старшыні камісій маюць абсалютна розныя ўяўленні. На адных участках старшыні кажуць, што збіраюцца агалошваць вынікі раздзельнага падліку галасоў (гэта значыць, што будуць асобна агалошвацца вынікі падліку бюлетэняў са скрыні для датэрміновага галасавання, скрыняў для галасавання на даму, а таксама скрыняў, якія выкарыстоўваліся ў асноўны дзень галасавання на ўчастку). На іншых участках сябры камісіі адкрыта заяўляюць, што агалошваць вынікаў раздзельнага падліку не збіраюцца, бо гэтага не патрабуе закон.
Што датычыць закона, то ч. 2 арт. 55 Выбарчага кодэкса прадугледжвае: “Ускрыццё скрыняў для галасавання і падлік галасоў (…) ажыццяўляюцца па чарзе: спачатку падлічваюцца бюлетэні, якія знаходзяцца ў скрыні для галасавання, якая выкарыстоўвалася пры датэрміновым галасаванні, затым – якія знаходзяцца ў пераносных скрынях, якія выкарыстоўваліся пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў, і пасля таго – у скрынях для галасавання, якія знаходзіліся ў дзень выбараў у памяшканні ўчастка для галасавання. Вынікі падліку галасоў агалошваюцца старшынёй камісіі”.
Трэба адзначыць, што гэта норма з’яўляецца новаўвядзеннем у выбарчае заканадаўства. І хаця ЦВК займае абсалютна адназначную пазіцыю адносна прымянення ч.2 арт. 55 кодэкса: неабходна агалошваць вынікіраздзельнага падліку галасоў (паволде юрыста ЦВК Мкртчан), на жаль, Цэнтральная камісія не прыняла належных мераў для яго растлумачэння. У метадычных рэкамендацыях для працы ўчастковых камісій проста дублюецца норма кодэкса і не растлумачваецца, што разумеецца пад гэтымі палажэннямі. На практыцы гэта прыводзіць да розначытанняў артыкула ўчастковымі і нават акруговымі выбарчымі камісіямі, з-за чаго можа скласціся сітуацыя, што камісіямі будуць агучвацца толькі агульныя вынікі падліку галасоў, а назіральнікі не змогуць даведаюцца, ці адрозніваліся вынікі галасавання па розных скрынях.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”