Гомельшчына: Выбары без выбару
У большасці раёнаў Гомельскай вобласці выбары ў мясцовыя Саветы праходзяць на безальтэрнатыўнай аснове. Напрыклад, у Рагачоўскім і Светлагорскім раёнах амаль ва ўсіх выбарчых акругах толькі па адным кандыдаце. І амаль усе кандыдаты - прадстаўнікі ўлады альбо кіраўнікі падуладных арганізацый і устаноў.
У Рагачоўскім раёне як у раённы, так і ў абласны Саветы ва ўсіх выбарчых акругах балатуюцца па адным кандыдаце. У 36 з 40 акругаў па выбарах у райсавет у якасці кандыдатаў размеркаваны кіраўнікі арганізацый, іх намеснікі альбо кіраўнікі структурных падраздзяленняў. Ва ўсіх трох акругах па выбарах у аблсавет кандыдатамі з'яўляецца начальства з Гомеля.
Толькі ў двух акругах па выбарах у Светлагорскі райсавет ідуць па 2 кандыдаты. Тут карціна амаль такая самая, як і ў Рагачоўскі раёне: у 37 з 40 акругаў па выбарах у райсавет размеркаваны на безальтэрнатыўнай аснове розныя кіраўнікі і іх намеснікі. Па выбарах у аблсавет ва ўсіх чатырох акругах Светлагорскага раёна па адным кандыдаце, таксама з ліку начальства.
У абодвух раёнах усе кандыдаты з дэмакратычных партый зняліся з выбараў. Прычынай яны назвалі тое, што ў абсалютную большасць выбарчых камісій не былі ўключаны незалежныя прадстаўнікі, што дало падставы не давяраць вынікам падліку галасоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”