Менск: Улётка праўладнага кандыдата цэлы дзень вісела на ўчастку для галасавання
Падчас выбараў 25 красавіка на дзвярах школы № 38, дзе знаходзяцца чатыры ўчасткі для галасавання па Адаеўскай выбарчай акрузе № 36, цэлы дзень вісела ўлётка кандыдата ў дэпутаты Васіля Панасюка, дырэктара філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскэнерга».
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня незарэгістраванай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Юрася Шабаліна, які таксама балатуецца па гэтай акрузе, зрабіў выбарчай камісіі заўвагу, што такі падыход незаконны. На гэта ён атрымаў адказ, што зняць улётку можа толькі дырэктар школы. Такім чынам агітацыйны матэрыял знялі толькі ўвечары, пасля заканчэння выбараў.
– Старшыня выбарчай камісіі акрэсліў для назіральнікаў адлегласць у шэсць метраў ад месца галасавання, – заўважыў Віталь Рымашэўскі. – У выніку я не мог бачыць, за каго аддаюць свае галасы выбаршчыкі. Пасля пачатка падліку галасоў таксама немагчыма было ўбачыць змест урнаў папярэдняга і сёняшняга галасавання. Я ўпэўнены, што такая ж сітуацыя назіраецца і на іншых участках. Я казаў камісіі, што такі падыход да выбараў можа значна ўскладніць адносіны беларускага прэзідэнта з еўрапейскай супольнасцю, але на гэта быў адказ, што “мы будзем рабіць так, як робім”.
Сам Юрась Шабалін упэўнены, што ён павінен быў бы перамагчы на гэтым участку, бо ўжо некалькі год працуе ў гэтай акрузе з насельніцтвам і добра вядомы людзям. Але ж гэтаксама ён упэўнены, што канчатковыя вынікі будуць не ў ягоны бок.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”