Менск: У спісе для галасавання на даму было чатыры нябожчыкі
Назіральніку Аляксею Хадыку ад Партыі БНФ на 73-м выбарчым участку Мірашнічэнкаўскай выбарчай акругі № 43 Савецкага раёна Менску ўдалося далучыцца да адной з дзвюх групаў членаў камісіі, якія выйшлі са скрынкамі на галасаванне на даму, на якое па словах старшыні камісіі, было пададзена 120 заяў, аб чым сведчыў адпаведны спіс. Тым не менш, у назіральніка было такое ўражанне, што большасць людзей са спіса не чакала такіх гасцей, хаця ўрэшце некаторыя выбаршчыкі ўсё ж галасавалі.
Але найбольш узрушваюць іншыя факты. Так, у спіс для галасавання на даму былі ўключаны імёны чатырох нябожчыкаў, якія жылі па адрасах вул. Лук'яновіча, 39 і 47-1; вул. Літаратурная, 49-2; вул. 1-я Пасялковая, 100. Усе гэтыя людзі памерлі ад двух да пяці год назад.
Шмат каго з людзей са спісу проста не было дома, іншыя адмаўляліся галасаваць. Тым не менш, у парушэнне выбарчага кодэксу члены камісіі ўпісвалі ў ведамасць іншых жыхароў і ўгаворвалі іх прагаласаваць.
Пасля ўбачанага Аляксей Хадыка аформіў акт аб парушэнні выбарчага кодэксу, заўважыўшы, што спісы для галасавання па месцы жыхарства на гэтым участку ў парушэнне арт. 54 выбарчага кодэксу складаліся не паводле заявак жыхароў, а па нейкім невядомым прынцыпе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”