Журналіста Еўрарадыё выдалілі з участку з дапамогай міліцыі
Старшыня выбарчай камісіі сталічнага ўчастку для галасавання № 75 разам са сваімі падначаленымі забараніла карэспандэнту Еўрарадыё Валеру Руселіку здымаць фота і відэа на ўчастку. Калі журналіст пачаў спасылацца на заканадаўства, старшыня камісіі выклікала міліцыянтаў, якія вывелі журналіста з участка.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, каментуючы гэты выпадак, адназначна заняў пазіцыю журналіста. І паабяцаў разабрацца.
Мікалай Лазавік: «Артыкул 13 дазваляе акрэдытаваным у Беларусі журналістам асвятляць ход выбарчай кампаніі. І таму нейкіх забаронаў не існуе — журналісты працуюць у нас свабодна. У кожным выпадку, журналіст, згодна з заканадаўствам, мае права асвятляць ход выбарчай кампаніі. Калі нехта з чальцоў камісіі ці старшыняў камісіі не зразумеў гэтага альбо недастаткова засвоіў нормы заканадаўства, якое дазваляе свабодна працаваць журналісту, тут мы, Цэнтравыбаркам, аператыўна паправім яго. Празмерную асцярожнасць праяўляе старшыня камісіі, і журналіст мае права і павінен асвятляць ход выбарчай кампаніі!»
Дарэчы, менавіта па ўчастку № 75, які знаходзіцца ў сталічнай школе № 125, балатуецца актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Ягорава. Яе асноўная канкурэнтка — дырэктар згаданай школы Таццяна Берасцевіч. Выбарчую камісію на ўчастку ўзначальвае намесніца дырэктаркі.