viasna on patreon

За нацыянальную сымболіку штрафуюць і садзяць умоўна

2010 2010-05-14T11:16:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/goradnasz1_100514.jpg

Актывісты «Маладога фронту» Уладзь Яроменак і Юльян Місюкевіч на судзе не хавалі, што вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі на праспэкце Незалежнасьці, каб «прыцягнуць увагу да ганебнага рэфэрэндуму, які замест нацыянальнай дзяржаўнай сымболікі ўвёў камуністычную».

Два дні таму Ўладзя Яроменка судзілі за «нецэнзурную лаянку» падчас падзеяў каля Вярхоўнага суду пасьля працэсу над Мікалаем Аўтуховічам. Тады ён быў аштрафаваны судом Ленінскага раёну на 15 базавых велічынь. Актывіст даводзіў, што ня лаяўся і нікога не абражаў, але суд стаў на бок сьведак-міліцыянтаў. Сёньня адміністрацыйны працэс над актывістам у Цэнтральным раённым судзе праходзіў паводле падобнага сцэнару: сьведка-міліцыянт Алег Дударчык казаў, што Уладзь Яроменак «нецэнзурна выказваўся ў бок міліцыянтаў», абвінавачаны гэта адмаўляў, але судзьдзя Натальля Вайцаховіч прыняла да ўвагі толькі паказаньні прадстаўніка ўлады і пакарала актывіста «Маладога фронту» ўжо ўдвая большым штрафам. Праз 10 хвілін штраф у 15 базавых велічынь атрымаў Юльян Місюкевіч.

Абодва актывісты не хавалі ў судзе, што гэта менавіта яны сёньня раніцай вывесілі на доме № 23 па праспэкце Незалежнасьці бел-чырвона-белыя сьцягі. Вось што сказаў Уладзь Яроменак пра мэту акцыі ўжо пасьля суду:

«Мы хочам нагадаць людзям пра „сумны і ганебны“ рэфэрэндум, які адбыўся 14 траўня 1995-га году, па выніках якога была зьмененая дзяржаўная сымболіка, а руская мова набыла статус другой дзяржаўнай. Я беларус і жадаю, каб мая краіна жыла пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам „Пагоня“ і размаўляла па-беларуску».

Юльян Місюкевіч адказаў на пытаньне, чым яму не падабаецца дзейная дзяржаўная сымболіка:

«Бо яна савецкая і камуністычная. Яна сымбалізуе злачынствы камуністычнай эпохі».

Варта адзначыць, што пакаралі актывістаў не за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў, а нібыта за «нецэнзурную лаянку». Словы адміністрацыйна пакараных адносна пратэсту супроць дзейнай сымболікі засталіся ў пратаколах судовага паседжаньня.

За 15 гадоў выкарыстаньня дзейнай дзяржаўнай сымболікі за акцыі ў падтрымку бел-чырвона-белых сьцягоў і герба «Пагоня» былі пакараныя каля сотні актывістаў, некалькі соцень атрымалі пакараньні нібыта за іншыя парушэньні — прыкладам, «за нецэнзурную лаянку», як Яроменка і Місюкевіч. Рэпрэсіі за нацыянальную сымболіку працягваюцца. Сёньня ў Віцебску пакаралі 3 гадамі зьняволеньня ўмоўна актывіста Сяргея Каваленку за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой навагодняй ёлцы. 18 траўня ў Бабруйскім гарадзкім судзе адбудзецца працэс над журналістам Яўгенам Васьковічам, які размахваў бел-чырвона-белым сьцягам падчас хакейнага матчу ў мясцовым лядовым палацы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства