Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргі берасцейскіх дэмактывістаў
У Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістраваныя паведамленні дэмакратычных актывістаў Берасця - Дзяніса Турчаняка, Ірыны Лаўроўскай, Валеры Фамінскага, Рамана Кісляка. Гэтыя паведамленні тычацца забароны пікетавання ў Берасці ў студзені 2009 г.
26 траўня заяўнікам стала вядома, што паведамленні зарэгістраваныя 18 траўня 2010 г. пад нумарам 1948/2010. Гэта 75-я справа ў Камітэце ў дачыненні да Беларусі.
Дзяніс Турчаняк, Ірына Лаўроўская, Валеры Фамінскі, Раман Кісляк накіравалі паведамленні ў Камітэт 21 лістапада 2009 г. Яны заявілі аб парушэнні артыкулаў 14 (1), 19 (2), 21, 26 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія тычацца права на свабоднае выказвання свайго меркавання, права на мірныя сходы, забароны дыскрымінацыі і права на справядлівы суд.
Да накіравання паведамленняў у Камітэт заяўнікі абскардзілі забарону пікетаў 15, 16 і 17 студзеня 2009 г. Старшыні Брэсцкага аблвыканкама і ў суд Ленінскага раёна - безвынікова.