У Гродна будуць судзіць распаўсюдніка «Новага часу»
Грамадскага актывіста Зміцера Бандарчука, які распаўсюджваў афіцыйна зарэгістраваную газету «Новы час», абвінавачваюць у парушэнні Адміністратыўнага кодэксу.
Міліцыянты затрымалі актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зміцера Бандарчука на гродзенскім аўтавакзале 15 траўня. У багажніку яго машыны знайшлі запячатаны пачак, у якім было 200 асобнікаў «Новага часу».
«Я патлумачыў прысутным міліцыянтам, што газета — афіцыйна зарэгістраваная, але іх мой адказ не задаволіў, — распавёў Зміцер прэс-службе ГА „БАЖ“. — Па ўсім было відаць, што супрацоўнікі міліцыі былі не надта задаволеныя „ўловам“, чакалі нечага большага, бо нават чалавека ў цывільным з камерай з сабою захапілі. Але давялося забраць толькі гэты пачак».
Гродзенскія міліцыянты звярнуліся ў аддзел ідэалогіі мясцовага аблвыканкама, каб тыя далі ацэнку забранаму «Новаму часу». Апошнія, па словах спадара Бандарчука, не знайшлі ў змесце газеты нічога супрацьзаконнага, але выходныя дадзеныя газеты чыноўнікам не спадабаліся — маўляў, там ёсць пэўныя недарэчнасці.
«Але ж той пачак быў запячатаны, і, зразумела, я не мог бачыць, што ў выходных дадзеных нечага не хапае», — тлумачыць малады чалавек.
Супраць Зміцера Бандарчука заведзеная адміністрацыйная справа па артыкуле 22.9 ч.2 («…распаўсюд перыядычных друкаваных выданняў без выходных дадзеных»).
Матэрыялы справы перададзеныя ў суд Ленінскага раёна Гродна. На якую дату прызначаны разгляд справы, пакуль невядома.