У Мінскую абласную камісію не ўзялі ветэрана 1920 года нараджэння
На сумесным паседжанні Мінскага аблвыканкама і Прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў 29 верасня была ўтворана абласная камісія па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Два чалавекі з трынаццаці, якія ўвайшлі ў яе склад, - прадстаўнікі дэмакратычных сіл.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Мінаблвыканкама Уладзімір Гурыновіч, пры фармаванні камісіі была выканана пераемнасць - гэта азначае, што большасць яе членаў у свой час ужо працавалі ў камісіях.
Наогул жа сярод 22 кандыдатаў, якія прэтэндавалі на сяброўства ў камісіі, 16 маюць вопыт выбарчай працы. Прадстаўнік аблвыканкама таксама адзначыў, што пры арганізацыі камісіі былі выкананыя дэмакратычныя прынцыпы - у зале прысутнічалі праваабаронцы і назіральнікі.
- У ходзе паседжання два чалавекі (Токарава і Яфімаў), вылучаныя ад грамадзян шляхам збору подпісаў, знялі свае кандыдатуры. Абодва прэтэндэнта жывуць не ў Менску і, даведаўшыся, што падчас працы камісіі трэба будзе дзяжурыць, адмовіліся ўдзельнічаць у яе працы, - распавяла прысутная на паседжанні Валянціна Свяцкая, удзельніца маніторынгу выбараў. - Не ўвайшлі ў склад камісыі і прадстаўнікі Дзіцячага фонду, Чырвонага крыжа і Савета ветэранаў. Адмову апошняму матывавалі тым, што кандыдат нарадзіўся ў 1920 годзе. Адмовілі таксама прэтэндэнтам ад прафсаюзаў і грамадства "Веды".
Членамі камісіі сталі дзевяць прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў: абласных структур КПБ, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Беларускага фонду міру, аб'яднання «Белая Русь», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (Людміла Аляксейчык) і БНФ "Адраджэньне" (Алесь Марачкін). Таксама ўключаны ў склад два чалавекі ад працоўных калектываў і двое грамадзян шляхам падачы заявы.
У прынцыпе, у склад камісіі ўвайшлі ўсе тыя самыя арганізацыі, што і ў тэрытарыяльныя камісіі Мінска, назіраецца і тая жа перавага ў колькасці над кандыдатамі ад дэмсіл, - дадала Валянціна Свяцк. - Змяняць ўмовы гульні ўлада не збіраецца і працягвае працаваць па адпрацаванай схеме.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"