Баранавіцкая раённая камісія: Колькі дзяржслужачых – вызначыць немагчыма
30 верасня на сайце Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта (http://baranovichi.brest-region.by/) з’явілася інфармацыя аб персанальным складзе раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. У складзе камісіі 13 чалавек, 10 з якіх складаюць прадстаўнікі дзяржаўных прафсаюзаў, праўладных грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый (“Белая Русь”, БРСМ, КПБ, “Беларускі саюз жанчын”, ветэранаў).
Інфармацыя аб сябрах камісіі не ўтрымлівае звестак пра месца працы сяброў камісіі, пры гэтым згодна са зменамі ў Выбарчым кодэксе, у выбарчай камісіі не павінна быць больш за 30% прадстаўнікоў дзяржаўных структур (арт. 34 Выбарчага кодэкса). Такім чынам, аналізуючы склад камісіі, які пададзены на сайце Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта, немагчыма падлічыць колькасць дзяржаўных чыноўнікаў, якія трапілі ў склад выбарчай камісіі. Напрыклад, сябра раённай выбарчай камісіі Канаш Таццяна Віктараўна, якая з’яўляецца загадчыцай арганізацыйна-кадравай службы райвыканкама, у выбарчай камісіі прадстаўлена ад Баранавіцкай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”.
Таксама cайт не паведамляе не толькі тэлефон, але і адрас выбарчай камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”