Дырэктара «Віцебскага кур’ера» будуць судзіць
У аўторак у 11.30 у Лёзненскім раённым судзе распачнуцца слуханні адміністратыўнай справы Віктара Рамнёва.
8-га кастрычніка, у пятніцу, у Лёзна (райцэнтр у Віцебскай вобласці) супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль, у якім сп. Рамнёў перавозіў з друкарні чарговы (35-ы) нумар незалежнай газеты «Витебский курьер».
Без тлумачэння прычын міліцыянты загадалі дырэктару прыватнага прадпрыемства «Витебский корунд», які выдае газету, ехаць з імі ў раённы аддзел унутраных спраў. Там у В. Рамнёва забралі 11 тысяч асобнікаў «ВК» і склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні — незаконны распаўсюд перыядычнага друкаванага выдання.
Кіраўніцтва выдавецкага дома мяркуе, што дзеянні ўладаў звязаныя з бягучай прэзідэнцкай кампаніяй. З пачатку гэтай кампаніі газета «Витебский курьер» друкавала інтэрв’ю з усімі кандыдатамі на ўдзел у выбарах. Газета паспела надрукаваць ужо 7 інтэрв’ю. Два інтэрв’ю — з Сяргеем Рыжовым і Юрыем Глушаковым — былі апублікаваныя ў затрыманым нумары. Акрамя таго, у ім рэдакцыя прапаноўвала агляд судовых слуханняў па позвах жыхароў Віцебска да мясцовых уладаў з нагоды парушэння выбарчага заканадаўства пры фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій.
Сузаснавальніца газеты «Витебский курьер» Вольга Карач звяртае ўвагу на тое, што аналагічны пераслед газета адчувала ў перыяд правядзення мясцовых выбараў. «Паміж выбарчымі кампаніямі прэтэнзій да выдання не было», — падкрэслівае яна.
«Витебский курьер» — беларуская газета, якая зарэгістравана і друкуецца ў расійскім Смаленску штотыдзень накладам 11 000 асобнікаў.
«Витебский курьер» па-ранейшаму без права на распаўсюд
«Витебский курьер» ужо двойчы пабываў у судах на Магілёўшчыне
На «Витебский курьер» палюе міліцыя (АБНОЎЛЕНА)