viasna on patreon

Помнік на продаж

2010 2010-10-11T14:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_skonchany.jpg

У Берасьці адбылося чарговае судовае паседжаньне паводле пазову грамадзянскай кампаніі "Рух "За свабоду" да камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "ЖРЭУ горада Берасьця". Актывісты руху настойваюць на тым, што чыноўнікі камунальнай управы, парушаючы заканадаўства, прадалі прыватніку будынак, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і ахоўваецца дзяржавай.

Будынак у цэнтры гораду па вуліцы Савецкай, 57 прадалі прадпрымальніку на аўкцыёне без дазволу на гэта Міністэрства культуры. Як адзначае каардынатар руху "За свабоду" па Берасьці Дзяніс Турчаняк, гэта прамое парушэньне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцяў:

"Узгадненьня на продаж наш гарвыканкам не атрымліваў. Такім чынам, склалася, што чыноўнікі захацелі і проста прадалі гэты будынак. І пры гэтым парушылі закон. Таму гэта падстава для прызнаньня акту продажу несапраўдным. Будынак павінен абавязкова перайсьці ва ўласнасьць гораду, а прадпрымальніку павінны быць вернутыя грошы".

Абласны суд разглядаў скаргу цягам менш чым дзьвюх гадзін. Актывісты накіравалі хадайніцтва аб пераносе справы, бо Аляксандар Мілінкевіч і Антон Астаповіч не змаглі прысутнічаць на сёньняшнім паседжаньні. Судзьдзя, аднак, адмовіла ў пераносе і пакінула ранейшае рашэньне Ленінскага суду Берасьця бязь зьменаў. Кажа Дзяніс Турчаняк:

"Гэтая адмова сьведчыць пра тое, што нашай арганізацыі адмоўлена ў рэалізацыі статутных мэтаў. Такую скаргу маглі накіраваць ня толькі прадстаўнікі арганізацыі, але любы грамадзянін. Мы лічым, што гэта парушэньне, і будзем адстойваць свае правы ў іншых, вышэйстаячых інстанцыях".

Архітэктарка і краязнаўца Ірына Лаўроўская кажа, што цяпер стаўленьне да гістарычнага цэнтру ў гарадох пачало мяняцца. Зямля тут каштуе надзвычай высока, і тэндэнцыя гэтая характэрна ня толькі для Беларусі. Тым ня менш у Беларусі не праводзяцца грамадзкія слуханьні, адкрытыя аўкцыёны, што толькі пагаршае сытуацыю:

"Можам канстатаваць, што бязь зьмены падыходу да ўдзелу грамадзтва ў кіраваньні тэрыторыямі цэнтраў гарадоў, гісторыка-культурнай спадчыны спадзявацца на паляпшэньне сытуацыі, на захаванасьць помнікаў даволі цяжка".

Антон Астаповіч адзначае, што ў Берасьці сытуацыя вакол гістарычных помнікаў і іх захаванасьці складаная, але ёсьць у ёй і шэраг сваіх плюсаў:

"Калі браць непасрэдна цэнтар Берасьця, то пытаньняў шмат, але калі браць забудову вакол гістарычнага цэнтру, праектныя працы, то яны становяцца ўсё больш і больш адэкватныя. Таму сытуацыя не скажу, што вельмі адмоўная, але і недастаткова дасканалая. Шмат праектных прац сапраўды цікавыя. Да таго ж часам і гарвыканкам уздымае праблемныя пытаньні". 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства