У Жодзіна афіцыйная прэса ігнаруе распараджэнне выканкаму
Невядома з якіх меркаванняў у Жодзіна ўсе рашэнні, датычныя выбараў прэзідэнта, друкуюцца толькі у суботніх выпусках, прадугледжаных для распаўсюду выключна праз падпіску. Гэтыя нумары не сустрэнеш у свабодным продажы, а без папярэдняй падпіскі з імі можна азнаёміцца толькі ў адной на ўвесь 60 тысячны горад бібліятэцы. Але некаторыя пастановы выканкаму, датычныя выбарчага працэсу, – наогул не публікуюцца.
Так, напрыклад, жодзінская афіцыйная прэса да гэтага часу (13.10.2010) не апублікавала Рашэнне Жодзінскага гарвыканкаму №1475 ад 24 верасня “Аб унясенні зменаў у рашэнне Жодзінскага гарвыканкаму ад 22.09.2010 № 1437” – гэта пастанова, якая датычыць зменаў у рашэнні аб месцах, забароненых для збору подпісаў падчас пікетаў. І гэта пры тым, што ў тым жа рашэнні выканкама ўтрымліваецца распараджэнне «Апублікаваць дадзенае рашэнне ў газеце «Жодзінскія навіны» да 6 кастрычніка 2010 года».
Гэтага дакумента з актуальнымі зменамі, якія значна лібералізуюць палажэнні ранейшай пастановы, не аказалася і ў працоўных дакументах Жодзінскай гарадской камісіі. Сакратар камісіі Таццяна Краўцэвіч патлумачыла, што змены ўносіліся зусім нядаўна, і хаця іх не публікавалі ў газеце, але аператыўна размясцілі на сайце выканкаму. Аднак чаму гэты дакумент адсутнічае ў камісіі – растлумачыць не змагла.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”