Мінск: Настаўнікаў абавязалі ўступіць у “Белую Русь”
Адміністрацыя сярэдняй школы № 121 Першамайскага раёна Мінска распарадзілася ўсяму настаўніцкаму складу падаць заявы на ўступленне ў вядомае грамадскае аб'яднанне “Белая Русь”, якое, дарэчы, узначальвае міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў - ён жа кіраўнік ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі.
Калі ж педагог па той ці іншай прычыне не стане выконваць дадзенае ўказанне школьнай адміністрацыі, то яго, хутчэй за ўсё, пазбавяць прэміі або запішуць у спіс на хуткае звальненне.
Мы звязаліся з адным педагогам гэтай школы, які па вядомых прычынах пажадаў застацца невядомым: “Такое пагалоўнае ўступленне ў “Белую Русь” звязана з прэзідэнцкай кампаніяй. У кулуарах кажуць, што нас кінуць на наступны агітацыйна-прапагандысцкі некірунак - угаворваць людзей галасаваць за вядомага кандыдата ў прэзідэнты. Мне гэтага рабіць абсалютна не хочацца. Больш за тое, я падпісаўся за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Яраслава Раманчука, якога лічу найбольш годным з усіх цяперашніх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла. Але мне, як і іншым маім калегам, трэба карміць сям'ю. Таму пайду запісвацца ў “Белую Русь”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”