Бялынічы: Назіральнікаў абяцаюць дапусціць да праверкі подпісаў
30 кастрычніка ў гарадскім пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці адбылося пасяджэнне раённай выбарчай камісіі. Пасяджэнне камісіі павінна было пачацца ў 10 гадзін раніцы, але пачалось яно з невялікай затрымкай, бо адна з сяброў выбарчай камісіі крыху спазнілася. Па яе словах, прычынай затрымкі было тое, што “президент едет, чистим дороги”, таму з раніцы яна была на асноўным месцы працы ў бялыніцкім лясгасе (мяркуецца, што кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка наведае Бялыніцкі раён 6 лістапада).
На пасяджэнні Бялыніцкай раённай камісіі разглядалась адно пытанне – аб арганізацыі праверкі подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах. Усяго ў раённую камісію паступілі падпісныя лісты ад ініцыятыўных груп шасці прэтэндэнтаў у кандыдаты: Рыгора Кастусёва (116 подпісаў, якія падлягаюць праверцы), Аляксандра Лукашэнка (4441 подпіс), Алеся Міхалевіча (65 подпісаў), Віталія Рымашэўскага (99), Андрэя Саннікава (22) і Уладзіміра Някляева (150).
Па выніках пасяджэння сябры камісіі аднагалосна пастанавілі, што неабходна адабраць для праверкі па 21 % подпісаў ад агульнай колькасці здадзеных па кожнаму прэтэндэнту ў кандыдаты. Таксама было вырашана ў выпадку неабходнасці прыцягнуць для праверкі подпісаў спецыялістаў, якія працуюць у пашпартна-візавай службе, выканкамах сельсаветаў, сферы ЖКГ і г. д.
Найбольшую колькасць подпісаў у Бялыніцкім раёне будуць правяраць у прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнка – 933, найменшую - у Андрэя Саннікава (5 подпісаў, размешчаных на 3 падпісных лістах). Сябры камісіі плануюць завяршыць сваю працу па праверцы подпісаў раней вызначанага законам тэрміна ў 10 дзён.
Па словах старшыні Бялыніцкай раённай камісіі, начальніка ідэалагічнага аддзела Бялыніцкага райвыканкама Ірыны Фурсавай, члены камісіі будуць ажыццяўляць праверку подпісаў выбаршчыкаў у строгай адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі, якія ЦВК накіравала ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.
На пасяджэнні камісіі прысутнічалі назіральнікі: Яўгеній Валевіч, накіраваны Бялыніцкай арганізацыяй БРСМ, дэпутат Бялыніцкага райсавета Васілій Забаронак, Галіна Шабальцова, вылучаная ад працоўнага калектыва ПУП “Бялыніцкі камбінат кааператыўнай прамысловасці” і якая працуе яго дырэктарам (як распавяла сама Галіна Міхайлаўна, ёй пазванілі з райвыканкама і патлумачылі, што ад прадпрыемства патрэбна вылучыць назіральніка), Барыс Вырвіч, вылучаны шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.
Не абмінулі сваёй увагай пасяджэнне і мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. За працай камісіі пільна назірала галоўны рэдактар Бялыніцкага раённага радыё Галіна Шугалей.
Старшыня камісіі Ірына Фурсава запэўніла назіральніка Барыса Вырвіча, што назіральнікам будзе прадастаўлена магчымасць назіраць за працэдурай праверкі подпісаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”