Мазыр: Міжнародных назіральнікаў забяспечаць транспартам і культурнай праграмай
Для прыёму замежных назіральнікаў Мазырскі райвыканкам выдаў спецыяльнае распараджэнне, у якім падрабязна расказаў, як мясцовыя вертыкальшчыкі збіраюцца прымаць гасцей.
Мазырскі райвыканкам 8 кастрычніка выдаў распараджэнне № 267-Р “О создании районной межведомственной рабочей группы для обеспечения пребывания в Мозырском районе иностранных (международных) наблюдателей в период подготовки и проведения выборов Президента Республики Беларусь”. Дакумент можна знайсці на сайце райвыканкаму. Распараджэнне паказвае, як з вялікаю помпаю мясцовыя вертыкальшчыкі гатовы прымаць замежных назіральнікаў.
Па-першае, для прыёму гасцей створана “районная межведомственная рабочая группа”, вядома, з ліку работнікаў райвыканкаму і дзяржструктур. У групу ўвайшлі два намеснікі райвыканкама, старшыня Савета дэпутатаў, кураўнік справамі, сем начальнікаў аддзелаў: арганізацыйна-кадравай работы, ідэалагічнага, культуры, фінансавага, эканомікі, па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў; галоўны лекар Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты “Жыццё Палесся”, начальнік тэлеканала “Мазыр”, начальнік гарадскога аддзела КДБ і пракурор. Две апошнія кандыдатуры ўключаны, як напісана ў дужках “по согласованию”.
Па-другое, створанай рабочай групе загадана прыняць неабходныя меры “к созданию благоприятных условий для деятельности иностранных (международных) наблюдателей”. Якія гэта меры тут жа тлумачыцца: размяшчэнне, прадастаўленне транспартных сродкаў і сродкаў сувязі, медыцынскае абслугоўванне, культурная праграма, асабістая бяспека, інфармацыйнае забеспячэнне і гэтак далей. Завяршаецца пункт сказам: “оказывать наблюдателям содействие в осуществлении ими прав и обязанностей, предусмотренных Избирательным кодексом Республики Беларусь”.
Кіраўніку “районной межведомственной рабочей группы”, намесніку старшыні райвыканкаму Феліксу Фёдаравічу Галюку дазволена прыцягваць да працы “иных специалистов районных государственных органов”.
Упраўленню справамі равыканкаму загадана “обеспечить наблюдателей транспортом в период подготовки и проведения выборов Президента Республики Беларусь”. А фінансавы аддзел павінен “возместить в установленном порядке управлению делами Мозырского районного исполнительного комитета затраты на обеспечение наблюдателей транспортом, согласно предоставленной смете расходов”.
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун лічыць, што тэхналогія адпрацавана на прыкладзе прыёму расійскіх журналістаў на высокім узроўні: накармілі, напаілі, падарункі ўручылі і правялі на цягнік. Хто будзе незгаворчывым, з тымі ўзгадняць працэдуры будуць адпаведныя асобы ў складзе працоўнай групы: мясцовыя чыноўнікі, КДБ, пракурор, начальнік РАУС.
“Але самае галоўнае адкуль у Мазырскага райвыканкама на гэта сродкі? З якой графы мясцовага бюджэту? – пытае праваабаронца. – Атрымліваецца ўзаконены подкуп”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Спасылка на дакумент: http://www.mozyrisp.gov.by/rus/vibori_2010/267/