Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні 7 лістапада пікета за перайменаваньне станцыі метро "Плошча Леніна"
Адказ папярэднюю
заяву атрымаў 2 лістапада кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі
"Малады Фронт" Эдуард Лобаў. Суб'екты моладзевай кааліцыі "Новае
Пакаленьне" меліся правесьці 7 лістапада, у гадавіну бальшавіцкага
перавароту, на плошчы Незалежнасьці пікет са зборам подпісаў за перайменаваньне
станцыі мэтро "Плошча Леніна".
Адпаведная заяўка была пададзеная 21 кастрычніка ў Менскі гарадзкі
выканаўчы камітэт. У лісьце, які даслалі з выканкаму, намесьнік старшыні
Менгарвыканкама У.В.Калтовіч матывуе адмову забаронаю праводзіць пікеты бліжэй,
чым за 200 мэтраў ад пераходаў мэтрапалітэна.
"Нас абурае адказ Менгарвыканкама, — камэнтуе адказ Эдуард Лобаў. — На
плошчы Незалежнасьці заўсёды адбываецца безьліч мерапрыемстваў, да таго ж мы
падавалі заяўку не на масавае мерапрыемства, а на пікет па зборы
подпісаў."
Арганізатары зазначаюць, што пікет 7 лістапада праводзіць ня будуць, але ў гэты
дзень адбудзецца збор подпісаў за перайменаваньне станцыі мэтро "Плошча
Леніна", на што ніякіх дазволаў не патрабуецца.
"Мы не жадаем, каб станцыя мэтро пад адной з галоўных плошчаў нашай
сталіцы мела імя ката," — кажуць арганізатары збору подпісаў.
Нагадаем, неўзабаве пасьля абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэніэту Беларусі,
сталічная плошча Леніна была перайменаваная ў плошчу Незалежнасьці. Гэтак жа
сама сталі аб'яўляць станцыю мэтро, разьмешчаную на плошчы. Аднак у 2003 годзе
станцыі вярнулі першапачатковую назву — "Плошча Леніна". У
адміністрацыі мэтрапалітэна тады заяўлялі, што афіцыйнага рашэньня аб
перайменаваньні станцыі "Плошча Леніна" ў "Плошчу
Незалежнасьці" і, адпаведна, наадварот, ніколі не прымалася. Наконт гэтага
былі толькі вусныя распараджэньні кіраўніцтва Мінгарвыканкама.
Паказальна, што камуністы зьнішчылі толькі ў сваёй, сацыялістычнай дзяржаве,
болей людзей, чым фашысты ва ўсім сьвеце: паводле кнігі “Потери
народонаселения в ХХ веке” (В. Эрлихман, М., 2004г) злачынства фашыстаў
вымяраюцца 18,5 мільёнамі чалавек; камуністычны рэжым толькі у СССР зьнішчыў 19
мільёнаў чалавек. Гэта самыя сьціплыя лічбы, Салжэніцын, напрыклад, спасылаючыся
на розныя крыніцы, гаворыць аб 40 мільёнах забітых.