Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з чатырох паасобных рубрык: “Хроніка пераследу”, “Час выбару”, “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05 (паўтор серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Сёння, 16 лістапада, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека, у якой прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
У рубрыцы “Час выбару” аналізуецца хада выбарчай прэзідэнцкай кампаніі і забеспячэнне выбарчых правоў грамадзянаў, якія выявілі ўдзельнікі незалежнага маніторынгу "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Грамадзянская супольнасць Беларусі ў апошні час спрабуе аб’яднаць свае намаганні, скіраваныя на кансалідацыю грамадства, дэмакратызацыю жыцця, паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека. Так, 23-24 верасня адбыўся ІІ Беларускі праваабарончы форум, які выпрацаваў агульную канцэпцыю, а 14 лістапада прайшла Нацыянальная канферэнцыя па выніках даследванняў Індэкса грамадзянскай супольнасці.
На канферэнцыі ставілася мэта стварыць Агульнанацыянальную платформу грамадзянскай супольнасці, а таксама праваабарончую платформу. І вось ужо еўракамісар Штэфан Фюле, сустракаючыся 15 лістапада з прадстаўнікамі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый, заклікае грамадзянскую супольнасць да больш шчыльнага супрацоўніцтва. Аднак на думку старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага гэтыя працэсы няпростыя і патрабуюць узважанага і рацыянальнага падыходу. Падрабязна пра гэта праваабаронца распавядае ў інтэрвію.
У рубрыцы “Захаваем жыццё” - актуальная інфармацыя па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.
А ў музычных паўзах прагучаць кампазіцыі рок-гурту канца 90-пачатку 2000-х гг. «Цмокі». Адным са стваральнікаў і ўдзельнікаў музычнага калектыву быў Андрэй Скурко, які цяпер з'яўляецца галоўным рэдактарам незалежнага тыднёвіка “Наша Ніва”.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.