Баранавічы: Бібліятэкі і ЖЭСы не выконваюць рашэнне гарвыканкама
Згодна з рашэннем Баранавіцкага гарвыканкама ад 12.11.2010 года № 3555 у бібліятэках горада павінны быць створаны “Куткі выбаршчыкаў”, а ў ЖЭСах – інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя прэзідэнцкім выбарам. Але гэтае рашэнне мясцовай улады так і засталося на паперы.
Напрыклад, у ЖЭСе № 2 (вуліца Міцкевіча, 44а) такога інфармацыйнага стэнда ўвогуле няма. Уся актавая зала, дзе павінны адбывацца сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты, застаўлена вёдрамі з фарбай.
У Цэнтральнай бібліятэцы імя Валянціна Таўлая да сёняшняга дня няма “Кутка выбаршчыкаў”. Тут можна пабачыць толькі інфармацыйны матэрыял пад назвай “Дзяржава для народа, дзяржава для чалавека”. На фоне партрэта дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі паказаны дасягненні Беларусі ў сацыяльна-эканамічным развіцці.
Іншыя матэрыялы пра выбары, тым больш пра альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, папросту адсутнічаюць.
На фота: Інфармацыйны матэрыял у ЦБ імя Валянціна Таўлая.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”