Справу пра футболкі пракуратура адфутболіла
Юрыст-праваабаронца Уладзімір Малей атрымаў з пракуратуры адказ на сваю скаргу, якая датычылася праведзенай 21 лістапада агітацыйнай акцыі падчас футбольнага матча ў Брэсце. Адказ падпісаны начальнікам аддзела па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Аляксандрам Кулічом, хаця праваабаронца звяртаўся асабіста да пракурора Брэсцкай вобласці. У адказе паведамляецца, што скарга Малея перададзена на разгляд у Брэсцкую абласную выбарчую камісію.
Уладзіміра Малея здзівіла старонняя пазіцыя пракуратуры, якая ўхілілася ад ацэнкі дзеянняў арганізатараў агітацыйнага мерапрыемства, у якім былі задзейнічаны непаўнагадовыя дзеці.
Праваабаронца накіраваў яшчэ адну заяву ў пракуратуру Брэсцкай вобласці, каб там усё ж высветлілі, хто з’яўляўся арганізатарам масавага агітацыйнага мерапрыемства ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі. Таксама У. Малей просіць паведаміць, з якіх сродкаў, у якой колькасці, кім і дзе былі выраблены футболкі з выявай Лукашэнкі, і прыняць меры пракурорскага рэагавання да асобаў, што дапусцілі парушэнне выбарчага заканадаўства пры правядзенні агітацыі, а дакладней – выкарыстанне сродкаў, якія не былі ўнесены ў па-забюджэтны фонд кандыдата ў прэзідэнты.
Праваабаронца таксама перадаў інфармацыю пра сітуацыю вакол агітацыйнага мерапрыемства ў падтрымку А. Лукашэнкі назіральнікам з АБСЕ, якія будуць сустракацца з намеснікам пракурора Брэсцкай абласной пракуратуры.
Нагадаем, што 21 лістапада ў г. Брэсце перад пачаткам матча 33-га тура чэмпіяната Беларусі па футболу на поле выйшлі футбалісты ў суправаджэнні непаўнагадовых дзяцей, апранутых у футболкі з выявай Лукашэнка і надпісам: “Наш прэзідэнт”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”