Брэст: Дзяржгазета другі раз узгадала пра выбары
Газета “Народная трыбуна”, заснавальнікам якой з’яўляюцца Брэсцкі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў, да нядаўняга часу змясціла на сваім сайце толькі адзіную публікацыю, дзе распавядалася пра тое, што “тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будуць сфарміраваныя да 29 верасня”. І вось, нарэшце, на інтэрнэт-старонцы выдання змешачаны яшчэ адзін артыкул на выбарчую тэму з красамоўным загалоўкам “Не шукаць чорнага ката ў цёмным пакоі”.
Аўтар публікацыі Надзея Яцура распавядае пра сустрэчу старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара з міжнароднымі назіральнікамі, якія будуць працаваць на Берасцейшчыне падчас выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Словы, вынесеныя ў загаловак, па версіі аўтара артыкула, належаць менавіта старшыні аблвыканкама, які, разам з тым, прапанаваў назіральнікам “пра парушэнні, калі яны будуць выяўлены падчас выбараў, гаварыць адкрыта”.
Цікава, што ў артыкуле таксама сцвярджаецца, што “напярэдадні выбараў у вобласць плануецца прыезд кароткатэрміновых назіральнікаў з Татарстана, Расіі, іншых краін”. Такім чынам, чытачы могуць рабіць выснову, што Татарстан з’яўляецца самастойнай дзяржавай, а не адным з суб’ектаў Расійскай Федэрацыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”