Актывіст кампаніі Саннікава затрыманы АМАПам
Супрацоўнікі АМАПа незаконна затрымалі і абшукалі Андрэя Бажына - актывіста кампаніі Андрэя Саннікава.
29 лістапада ў пераходзе станцыі метро «Пралетарская» да Андрэя Бажына падышлі два амапаўца. Яны сказалі, што беларускі герб «Пагоня», намаляваны на яго шаліку, з'яўляецца забароненай сімволікай, і сказалі, што ён затрыманы для засведчання асобы. Малады чалавек паказаў ім пашпарт і сказаў, што іх дзеянні незаконныя. Тады яго сілай завялі ў пакой міліцыі і абшукалі. Пры гэтым супрацоўнікі АМАП адмаўляліся назвацца, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
Пасля таго, як у Андрэя Бажына знайшлі пасведчанні чальца ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава, ён быў вызвалены. Пратакол затрымання і пратакол асабістага надгляду не быў складзены.
Сёння малады чалавек напісаў у пракуратуру скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў АМАПа.