Віцебск: Толькі праграма Лукашэнкі – на першай старонцы
Іншым кандыдатам роўныя ўмовы не патрэбныя – напэўна, так вырашылі ў абласной газеце “Віцебскі рабочы”, якая паводле рашэння Цэнтрвыбаркаму мусіць друкаваць праграмы кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта.
Праграма Аляксандара Лукашэнкі і надрукавана была першай: на ўсю першую старонку “Віцебскага рабочага” (ад 27.11.2010), з вялікім каляровым фотаздымкам і выкарыстаннем некалькіх розных шрыфтоў для прыцягнення ўвагі выбаршчыкаў.
У наступным нумары абласной газеты (ад 30.11.2010) з’явіліся праграмы яшчэ двух кандыдатаў – Яраслава Раманчука і Дзмітрыя Усса. Надрукавалі іх сцісла, на адной старонцы, не выкарыстоўваючы ніякіх ілюстратыўных прыёмаў макетавання газеты – суцэльным тэкстам. І не на першай старонцы – там размешчаны матэрыялы пра аварыі на дарогах, юбілей ВДУ і нават навіны спорту.
Альтэрнатыўныя кандыдаты ўдвух “дзеляць” другую старонку, зазначаюць віцебскія праваабаронцы. Тады як для Аляксандра Лукашэнкі аднаасобна “выдзелілі” першую.
- Калі я панёс у рэдакцыю праграму Мікалая Статкевіча, -- кажа давераная асоба кандыдата Аляксей Гаўруцікаў, -- мяне адразу папярэдзілі: “Паставім, але не на першай старонцы. Можа, на другой, а можа, і на трэцяй. Значыць, “Віцебскі рабочы” дае нам падставу для скаргі ў ЦВК. Бо правы ўсіх кандыдатаў мусяць быць роўныя.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Фота: Праграмы ў газеце “Віцебскі рабочы”