Другое звальненьне за відэаролік
Пасьля звальненьня Яўгена Шапчыца, рэжысэра роліка пра бабулю,
перадвыбарчую агітацыю і пашпарт, звольнілі Паўла Бандзіча, які выканаў ролю
зборшчыка подпісаў у гэтым роліку.
У першы дзень зьяўленьня ў інтэрнэце роліка пра бабулю яго паглядзелі
23 тысячы гледачоў. Адмыслоўцы адзначылі, што ролік рабіў прафэсіянал. Як пазьней
распавёў сам рэжысэр, тады яшчэ відэаінжынэр мантажу Белтэлерадыёкампаніі Яўген
Шапчыц:
«Я зараз вучуся ў Акадэміі мастацтваў. Пакуль яшчэ вучуся. Вось гэта,
так бы мовіць, першая курсавая праца мая — „сацыяльная рэкляма“».
І хоць афіцыйная абарона курсавых працаў у Акадэміі мастацтваў
звычайна адбываецца ў сакавіку, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі чамусьці
само вырашыла ацаніць яе і паставіла «нездавальняюча». Падобна,
не за творчасьць, а за ідэалягічную скіраванасьць:
Яўген Шапчыц: «Ніякіх наездаў, прэтэнзіяў не было. На наступны
дзень пасьля таго, як зьявіўся ролік на YouTube, мяне запрасіў мой
кіраўнік непасрэдны. Размова была вельмі кароткая і спакойная.
Ён падзякаваў за працу і сказаў: «Ну, вы ж разумееце…
І я ўсё разумею. Далей мы ня зможам з вамі працаваць.
Напішыце, калі ласка, заяву з фармулёўкай „звальненьне па згодзе
бакоў“. Раней гэта „па ўласным жаданьні“ называлася, зараз у сувязі
з кантрактнай сыстэмай — „па згодзе бакоў“».
Праз тыдзень пасьля звальненьня рэжысэра роліка Яўгена Шапчыца звольнілі
і Паўла Бандзіча, які выканаў адну з галоўных роляў, зборшчыка
подпісаў за кандыдата Жырафенку. Павал працаваў у Міжнародным
экалягічным унівэрсытэце імя Сахарава кіраўніком тэатральнай студыі, у яго
быў бестэрміновы кантракт. Але і яго ветліва папрасілі сысьці:
«З-за таго, што ў мяне вельмі цёплыя і добрыя адносіны з усім
калектывам Сахараўскага ўнівэрсытэту, у тым ліку і з рэктарам,
і з прарэктарам, я не пайшоў на канфлікт.
Па іх просьбе напісаў заяву „па ўласным жаданьні“».
Прычым у абодвух выпадках непасрэднае кіраўніцтва хлопцаў сарамліва
адводзіла вочы.
Шапчыц: «Ня мой непасрэдны кіраўнік глядзеў, а вышэйшае кіраўніцтва.
Расьсьледаваньнем, наколькі я ведаю, займаўся Аляксандар Мартыненка,
намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, кіраўнік АТН».
Выканаўца ролі зборшчыка подпісаў за Жырафенкі Павал Бандзіч пацьвярджае,
што за гэтым стаяць ідэолягі:
«Гэта быў загад. Яны павінны былі яго выканаць, таму я зла
на іх не трымаю».
Бюджэту ў роліка не было ніякага, камэру пазычылі ў знаёмых, усе
акторы працавалі на энтузіязьме, без ганарару, «за ідэю»,
як кажуць. Павал Бандзіч пошукамі новай працы пакуль яшчэ
не займаўся — яго звольнілі літаральна ўчора. А ў Яўгена
Шапчыца ўжо шмат цікавых прапановаў:
«Зараз адкрываецца шмат іншых шляхоў. Ужо ня я шукаю працу,
а праца мяне шукае».
Ня толькі беларускія ідэолягі перастрахаваліся, але і адміністрацыя
парталу YouTube таксама зьняла ролік з тлумачэньнем «ролік мае непрымальны
зьмест». Зрэшты, неўзабаве ён быў зноў загружаны на YouTube.