Беларускія ўлады адмовілі ў візе старшыні Нарвежскага Хельсінкскага камітэта
Беларуская амбасада ў Стакгольме адмовіла ў візе старшыні Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Бёрну Энгесланду (Bjorn Engesland).
Як паведаміў сп.Энгесланд, яму вярнулі пашпарт са штампам з забаронай на ўезд – без тлумачэння прычынаў.
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі называе гэтую адмову паказальнай.
- Адмова ў візе Бёрну Энгесланду з’яўляецца яркім паказальнікам таго, якім чынам беларускія ўлады ставяцца да пытання правоў чалавека ў краіне, - падкрэслівае праваабаронца.
Алесь Бяляцкі лічыць, што адмова ў візе замежнаму праваабаронцу наўпрост звязаная з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
Нагадаем, што раней Амбасада Рэспублікі Беларусь у Стакгольме адмовіла ў візе Марціну Углу - старшыні шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen. Афіцыйнай матывацыі такога рашэння праваабаронца ад беларускай амбасады таксама не атрымаў.